Прыміцыйная Імша а. Яна Садоўскага 13.06.2021
13 чэрвеня ў нашым касцёле, у сваёй роднай парафіі, цэлебраваў сваю першую Святую Імшу а. Ян Садоўскі, якому 12.06.2021 у капуцынскім касцёле ў в. Копішча, што пад Мінскам (р-н Новая Баравая), ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (https://catholic.by).
Імша распачалася працэсіяй. Атрымаўшы бацькоўскае благаславенне, а. Ян у суправаджэнні братоў-капуцынаў і дзяўчат у белых сукенках, якія разам з с. Ігнацыяй прыгатавалі для яго прыгожы вянок, урачыста ўвайшоў у касцёл.
Падчас гаміліі да вернікаў і да а. Яна звярнуўся пробашч нашай парафіі а. Ігар Колзун. Абапіраючыся на літургічныя чытанні (Эзх 17, 22–24, Мк 4, 26–34), а. Ігар узгадаў, як гэтыя словы спраўджваліся ў ягоным святарскім жыцці, калі маленькае зерне сказанага слова перамяняла з цягам часу жыццё чалавека. Чалавек не ведае, як гэтае зерне жывога слова прарастае і ператвараецца ў вялікае дрэва. Таму патрэбна сеяць гэтыя жывыя словы, нават калі плён не бачны адразу, нават калі стомлены і адчуваеш сябе як засохлы корч, бо Пан Бог здольны ажывіць нават сухое дрэва.
Напрыканцы Імшы а. Ян выказаў падзяку і ўдзяліў благаславенне прысутным святарам, кансэкраваным асобам, родным і блізкім, а таксама ўсім вернікам.
Пасля Імшы ўсе прысутныя былі запрошаны на пачастунак з музычным суправаджэннем гурта "Рэха".
Ад імя ўсёй парафіі віншуем а. Яна з новым станам, новым жыццём! Жадаем плённага служэння. Абяцаем малітоўную падтрымку.
Больш фота: https://vk.com, https://vk.com, https://www.facebook.com