Skip to main content

Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?

 

Прыпавесць аб вінаградніку паказвае перш за ўсё абмежаванасць і неадэкватнасць чалавечага разумення справядлівасці: калі не хопіць нам міласэрнасці, любое рашэнне будзе несправядлівым і стане для кагосьці крыўдай.

Тыя, хто працаваў з самай раніцы на працягу ўсяго дня, фактычна мелі права наракаць і скардзіцца на гаспадара: у параўнанні з тымі, хто прыйшоў апошнім і працаваў значна менш за іх, яны па справядлівасці павінны былі б атрымаць большы заробак. Зазвычай так і ёсць: плата павінна быць прапарцыйная выкананай працы. Паколькі апошнія за гадзіну працы  атрымалі дынарый, то тыя, хто працаваў цэлы дзень, павінны атрымаць настолькі больш, наколькі большую працу яны выканалі.

Але з іншага, фармальнага боку,  плата, атрыманая першымі, была ўсё ж такі справядлівай: паводле дамоўленасці яны за цэлы дзень працы павінны былі атрымаць дынарый, і гэтая сума была ім заплачана ў поўнай меры і своечасова. Гаспадар меў права даць апошнім больш, таму што грошы былі яго ўласнасцю, і ён мог распараджацца імі па сваім меркаванні, хоць для першых, найбольш стомленых рабочых, гэта магло здавацца несправядлівым. Але ж па сутнасці, іх правы ні ў чым не былі парушаны: усё было згодна з літарай права і па справядлівасці, і ў той жа час яны адчулі сябе пакрыўджанымі. Што з гэтага вынікае? Вартасць чалавечай працы і чалавечых каштоўнасцяў немагчыма вымяраць толькі фінансавай меркай. Грошы патрэбныя для жыцця, але яны непрыдатныя для ацэнкі чалавека ці нават ягонай працы.  Як справядліва ацаніць працу лекара або настаўніка? Як справядліва ацаніць вартасць сакрамэнтаў, якія ўдзяляюцца святаром? Заробленыя грошы тут нічога не значаць, і мы не павінны паддавацца спакусе ацэньваць сябе і іншых паводле атрыманых даходаў і ганарараў. Хоць гэта зусім не азначае, што  нам трэба адмовіцца ад сваіх заробкаў, пенсій і дазволіць працадаўцам несправядліва нас выкарыстоўваць.

Але Езус у гэтым Евангеллі хоча даць нам штосьці больш за ўзор працоўнай дамовы. Езус абвяшчае вучэнне аб збаўленні, і, як звычайна, апранае яго ў рэальнасці свайго часу і культуры. Немагчыма атрымаць збаўленне, калі мы будзем разлічваць толькі на справядлівую ўзнагароду, на свае дасягненні і заслугі. Збаўленне — гэта заўсёды дар, які бясконца пераўзыходзіць нашыя натуральныя здольнасці, намаганні і нават самыя лепшыя намеры. Збаўленне можа быць атрымана толькі як дар ад Бога дзякуючы Яго дабрыні і міласэрнасці. Чалавек павінен быць адкрыты для гэтага падарунку і прымаць яго з удзячнасцю. Гэтая адкрытасць называецца верай.

Наша вера кажа нам, што варта ў жыцці прысвяціць сябе і працаваць не толькі дзеля грошай ці часовых дабротаў, але ў імя сэнсу жыцця, у імя сваёй годнасці і паклікання, у імя Бога, які ёсць сама любоў і велікадушнасць. Радасць, якая будзе выцякаць з самаахвярнага служэння, стане дадатковым «бонусам», а канчатковы «разлік» будзе чакаць у небе. 

бр. Францішак Бука /капуцын/ 

 

 

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ

 
Іс 55, 6–9

Мае думкі — гэта не вашыя думкі

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе,
клічце Яго, пакуль Ён блізка!
Няхай бязбожны пакіне шлях свой,
а чалавек беззаконны — свае намеры;
няхай вернецца да Пана, і Ён змілуецца над ім,
да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэнне.
Бо мае думкі — гэта не вашыя думкі,
і вашыя шляхі — не мае шляхі, — кажа Пан.
Бо як нябёсы ўзвышаюцца над зямлёю,
так шляхі мае — над шляхамі вашымі,
і думкі мае — над думкамі вашымі.

Гэта слова Божае.

 

 

ДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

 

Флп 1, 20с–24. 27а

Для мяне жыццё — гэта Хрыстус

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Філіпянаў.

Браты:

Узвялічаны будзе Хрыстус ў целе маім ці праз жыццё, ці праз смерць. Бо для мяне жыццё — гэта Хрыстус, і смерць — гэта выгада. А калі жыццё ў целе — гэта для мяне плён працы, то не ведаю, што выбраць.

Вабіць мяне і тое, і другое: маю жаданне памерці і быць з Хрыстом, бо гэта значна лепш; але заставацца ў целе больш патрэбна для вас.

Толькі вядзіце жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага.

Гэта слова Божае.

 
 

 

ЕВАНГЕЛЛЕ

   

 
Мц 20, 1–16а

Ці вока тваё зайздросціць, што я добры?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да гаспадара дому, які выйшаў на світанні наняць работнікаў у вінаграднік свой. Дамовіўшыся з работнікамі па дынару за дзень, ён паслаў іх у вінаграднік свой.

Пасля ён выйшаў каля трэцяй гадзіны і, убачыўшы іншых, якія стаялі на рынку без працы, cказаў ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік мой, і я справядліва заплачу вам. Яны пайшлі. Зноў выйшаўшы каля шостай і дзевятай гадзіны, зрабіў тое самае.

Выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і сказаў ім: Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы? Яны сказалі яму: Нас ніхто не наняў. Ён кажа ім: Ідзіце і вы ў вінаграднік.

Калі ж настаў вечар, гаспадар вінаградніку сказаў свайму эканому: Пакліч работнікаў і заплаці, пачаўшы з апошніх да першых. I тыя, хто прыйшоў каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары. Тыя, што прыйшлі першымі, думалі, што атрымаюць больш, але яны таксама атрымалі па дынары.

Узяўшы, яны пачалі наракаць на гаспадара дому, кажучы: Гэтыя апошнія працавалі адну гадзіну, і ты зраўняў іх з намі, якія перанеслі цяжкі дзень і спёку. У адказ ён сказаў аднаму з іх: Дружа, я не крыўджу цябе. Хіба не аб дынары ты дамаўляўся са мною? Вазьмі сваё і ідзі. Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе. Ці ж не дазволена мне рабіць са сваім тое, што хачу? Ці вока тваё зайздросціць, што я добры? Гэтак апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі.

Гэта слова Пана.

 

 

  Catholic.by

 

  • Праглядаў: 1263