Skip to main content

Гісторыя аднаго сэрца: брат Адрэй Зуй

| Падзеі »
 azui11

Сёння маем нагоду больш даведацца пра брата Андрэя Зуя, які 19 гадоў таму ў такі ж прыгожы веснавы дзень, 18 мая, прыняў святарскае пасвячэнне. Каталіцкі святар, брат капуцын - гэта заўсёды Божы знак у нашым свеце. І, напэўна, няма чалавека, які б ніколі не задаваўся пытаннем, як склалася так, што гэты чалавек пакінуў звычайнае жыццё і тое, што меў і мог бы мець, і стаў святаром і манахам.  

Брат, калі ласка, пазнаёмце нас з хлопчыкам Андрэем: якім вы былі ў дзяцінстве? Ці былі паслухмяным? Дзе прайшлі гэтыя гады, хто быў побач?

- Маючы 48 гадоў, пра дзяцінства гаварыць складана. Успаміны фрагментарныя. Складаюцца не толькі з таго, што сам памятаю, але і з таго, што распавядалі бацькі або бабуля і дзядуля. Бацька быў ваенным, таму нашай сям’і прыходзілася часам перамяшчацца ўслед за ім на новае месца службы. Нарадзіўся я 3.11.1977 у Венгрыі, г. Дэбрэцэн. Калі крыху падрос, мяне прывезлі ў Беларусь да бабулі і дзядулі, а тата застаўся завяршаць службу за мяжой.

 AZui03
 AZui04

Пасля Венгрыі яго адправілі ў Омск. Потым служыў у Беларусі ў в. Урэчча недалёка ад Вілейкі. Тут я пайшой у пачатковую школу.

 AZui02

А потым бацьку перавялі на Далёкі Усход. І з 7 да 16 гадоў (з 1986  па 1993 год) я жыў у ваенным гарадку с. Бапстова Ленінскага раёна. Гэта Габрэйская АО, Хабараўскі край. А ў школу хадзіў у вёску па-суседству.

Моцна праблемным дзіцём не быў, але і ідэальным таксама не быў. Быў самастойным. Тату амаль не бачыў. Раніцай, калі прачынаўся, ён ужо ішоў на службу, а вечарам ён вяртаўся, калі мы ўжо спалі. Мама таксама працавала дапазна. Толькі ў нядзелю сям’я збіралася разам.

У мяне быў абавязак: раніцай я павінен быў малодшага брата адвесці ў сад, а потым вечарам яго забраць. Урокі заканчваліся а 14. Я прыходзіў паабедаць, з 16 да 19 я займаўся ў спартыўных секцыях, потым рабіў хатнія заданні.

Які прадмет у школе быў любімым? Чым займаліся па-за ўрокамі?

- У школе любіў літаратуру. І цяпер люблю. Зайздрошчу сучаснаму пакаленню, бо цяпер ёсць магчымасць кнігі слухаць.

Не любіў пісаць сачыненні, карыстаўся шпаргалкамі. Затое цяпер штотыдзень прыходзіцца рыхтаваць пропаведзі (смяецца).

Шмат часу займаў спорт. У дзяўчат быў кружок бальных танцаў, а мы, хлопцы, гулялі ў настольны тэніс, футбол, валейбол, хакей - ва ўсё, что там было. Яшчэ барацьбой займаўся. У школе паміж класамі былі спаборніцтвы.

Бацькі былі занятыя на працы, таму дзеці былі самі сабе. А хацелася экстрыму: бегалі па дахах гаражоў, перапрыгвалі з аднаго на другі. Былі складаныя месцы, дзе не кожны перапрыгне. Таму было імкненне, каб асабліва там змагчы пераскочыць. Цяпер гэта называецца паркур (смяецца).

Таксама было хоббі збіраць веласіпеды. Адзін мне купілі бацькі, а астатнія тры мы з хлопцамі самі сабралі. У нас быў свой гараж для гэтага. А дэталі шукалі на звалке - кар’еры, куды звозілі зламаныя рэчы і з ваеннага гарадка, і з вёсак. Тады на Далёкі Усход выязджалі на заработкі (жывёлагадоўчыя комплексы былі з добрымі зарплатамі), таму людзі занадта не рамантавалі зламанае, адразу выкідалі, бо грошы былі купіць новае. Можна было знайсці нават пол веласіпеда.

Вельмі любіў рыбалку, асабліва калі з начоўкай. Ездзілі на р. Амур. Тады такой разнастайнасці снасцей не было. Недзе шукалі, выменівалі…

Час ад часу падабалася з сабакам выбрацца ў паход на сопкі і там на кастры што-небудзь прыгатаваць. З хлопцамі ведалі, дзе шукаць казуль, знаходзілі нават пастаўленыя на іх пасткі-капканы і гэтыя пасткі знішчалі – ратавалі жывёл ад браканьераў.

 AZui05

Калі ў мяне з’явіўся фотаапарат, я фатаграфаваў прыроду: фазанаў, казуль. Тыгра не бачыў.

Любіў рабіць кармушкі для птушак. На балконе ставіў. Цікава, як птушкі іх хутка знаходзілі!. Паўзні (поползни), сінічкі… У нас на балконе ластаўкі жылі, штук 7. Як з’яўляліся ў іх гнёздах птушаняты, я падстаўлял тумбачку, каб паглядзець на іх. І не баяўся, што 4 паверх! Мама казала потым: “Добра, што я гэтага не бачыла”…

Яшчэ ў нас быў агарод. Маміна сяброўка з вёскі мела дзялянку зямлі адразу за плотам ваеннага гарадка, і яна выдзеліла маме градку. Я любіў там сядзець, у тых агурках і памідорах, дапамагаў паліваць. Вада была ў канаве метраў за 400 адтуль. Памятаю, на суседніх агародах былі сланечнікі. У нас не садзілі, а хацелася. І мы з хлопцамі збіраліся і хадзілі на сланечнікі “паляваць”. Ну што ж, і так было.

 AZui08

Часам хуліганілі. На Далёкім Усходзе шмат змей. Мы ведалі, дзе іх шукаць, умелі злавіць і нават выдаліць ядавітыя зубы (хлопцам 7 класа хацелася экстрыму). І вось аднойчы да нас прыехала настаўніца-практыкантка. Вядома, яе мусіла чакаць выпрабаванне. Мы злавілі маленькую змейку і падлажылі ў школьны журнал. Прыйшла практыкантка, адкрыла журнал, убачыла змяю і … (зусім для нас нечакана) не напужалася, а спакойна яе выкінула ў акно: “Я з Хабараўска, мяне гэтым не напужаць”.

Успомніўся і добры ўчынак. У нашай настаўніца літаратуры была складаная сямейная сітуацыя: муж быў інвалід, а сын уцягнуўся ў наркотыкі. Неяк яна папрасіла маю маму  прадаць ёй тушонку, якую давалі сем’ям ваенных (яе было нам зашмат). Я са школы прыйшоў і прынес ёй дамоў 2 сумкі тушонкі. І быў з гэтага вельмі шчаслівы.

- Ці добра вучыліся ў школе?

- Закончыў вельмі добра: з адной 4-кай.

- Аб чым марылі?

- Марыў аб тым, каб хутчэй быў водпуск, каб ехаць да бабулі і дзядулі ў Беларусь. Гэта адбывалася раз на 2 гады. З Хабараўска сюды дабіраліся самалётам. Любіў лятаць, глядзець у ілюмінатар. Вылятаеш і прыбываеш у адзін і той жа час, бо ляцець як раз сінхронна з ходам сонца, 8 гадзін – і 8 часавых паясоў. З Мінскага аэрапорта на таксі адразу ехалі на вёску. 2 тыдні мы былі ў маміных бацькоў у вёсцы Камень недалёка ад Івянца, а потым 2 тыдні – у татавых у вёсцы Паланечка ў Баранавіцкім раёне.

Успамінаецца, як мы прыязджалі да татавых бацькоў. Звычайна гэта было ноччу, але ўсе нашы выходзілі нас сустрэць: татаў брат, бабуля, дзядуля. Цяпер смс, інтэрнэт – усё можна дакладна сказаць. А тады давалі тэлеграму, а яна магла прыйсці раней або пазней нашага прыезду, таму хоць нас і чакалі, а прыезд наш мог стаць нечаканым.

На час нашага прабывання ў дзядулі і бабулі збіралася ўся сям’я: прыязджала і татава сястра з Маладзечна (Марыся Рудкевіч). У мяне быў родны брат, 2 стрыечныя сястры. Было весела. Разам сушылі сена, дапамагалі ў агародзе. Яшчэ ў нас быў “бізнэс”: збіралі каларадскіх жукоў. Дзядуля даваў па капейцы за жука. Я нават аднойчы зарабіў 3 рублі. Старанна падлічвалі (смяецца).

Яшчэ ездзілі па закінутых хутарах збіралі яблыкі, алычу, маліны. А на адным хутары стаялі пчаліныя вуллі. Мой дзядзька (на той час яму было гадоў 14-15, а мне - 7-8) прыдумаў пайсці дастаць мёд, і мяне пацягнуў за кампанію. Планавалася хутка выцягнуць раму з сотамі, каб пчолы не заўважылі. А там, на месцы, пакуль ён яе дастаў, пчолы, вядома, усе павыляталі і пачалі джаліць. Мы на ўцёкі. Я быў менш спрытны ад дзядзькі, таму ён мяне ўрэшце ўзяў на рукі. Калі выбраліся, былі моцна пакусаныя, і ў дадатак паапякаліся крапівой. Памятаю яго словы: “Ну што, наеліся мёду?” Цяпер, калі бачу мёд, я ўспамінаю гэту гісторыю, і мне яго не хочацца есці (смяецца).

Аднойчы на рыбалку са знаёмым хацеў паехаць, але ў грузавіку, на якім ехалі, не спрацавала рулявое кіраванне, мне прыйшлося разам з грузавіком куляцца. Канешне, прыйшлося вярнуцца дамоў. Пасля гэтага мама сказала: “Ніякіх рыбалак, толькі з татам!”

Татаў брат Ян пазнейшым часам працаваў у калгасе конюхам, я любіў яму дапамагаць, бо любіў ездзіць на кані – без сядла галопам. Некалькі разоў падаў, але на мягкае балота.

- Было б цікава паслухаць пра сям'ю. Ці былі вашыя бацькі веруючымі? Наогул як нарадзілася Ваша вера? Хто натхняў?

- Мае бацькі, Андрэй і Галіна, пазнаёміліся ў сваіх сяброў на вяселлі. Пашлюбаваліся у Паланечках у касцёле ў сакрыстыі. Цяпер у маладых цэлая праблема, якія кольцы выбраць, а ў маіх бацькоў шлюбныя кольцы былі такія, якія ксёндз даў. І падобна, што алюмініевыя.

Тата быў на ваеннай службе, таму абавязкова патрэбны быў партбілет (але прыналежнасць да партыі для яго была намінальнай, не па перакананні). Падчас яго вучобы і працы ў нас былі ў бібліятэцы кнігі па розных партыйных ідэалагічных дысцыплінах, а калі звольніўся з арміі і мы вярнуліся сюды, то імі было добра печку распальваць.

Калі тата звольніўся, мы ўсе вярнуліся ў Беларусь, у Паланечку. Я вучыўся ў 11 класе. Мне, маладому хлопцу, было складана: сяброў няма, вясковую работу, у якой спадзяваліся на маю дапамогу,  рабіць не ўмеў. У таты майго не атрымлівалася мяне навучыць: у яго, як у ваеннага, мусіў быць загад і выкананне, ён не тлумачыў. А дзяцька ўмеў патлумачыць. Ён мог побач са мной хадзіць і паказваць, як касіць, напрыклад.

Адразу жылі у адной хаце разам з татавымі бацькамі і з братавай сям’ёй– усіх 10 чалавек.

- Як вы ўсе там змяшчаліся?!

- Умелі ладзіць, і было весела. Вечарамі усе збіраліся глядзець тэлевізар (у Вялікім посце не ўключалі). Мы прывезлі з сабой відэамагнітафон і касеты. Яшчэ суседзі прыходзілі, гулялі ў карты. У вёсцы было шмат радні. І вось так усе хадзілі ў госці: адзін вечар у адной хаце, другі ў другой. Летам на вуліцы збіраліся. Бабулін брат Станіслаў умеў граць на гармоні.

Праз некаторы час збудавалі сабе дом. Калі будаваліся, усё трэба было рабіць самім. Пясок на кар’еры накапаць, возам прывезці. Ваду навазіць, бетон мяшаць. Таксама трэба было навазіць з леса 9-метровыя і 6-метровыя бярвенні. Па іх мы, 5-6 чалавек, ездзілі зімовымі марознымі суботамі туды, куды ляснік паказаў.  Лес самі выпільвалі, складалі на воз. А воз такі, што можна яго раздвігаць удаўжыню. Везлі на пілараму, каб з іх зрабілі брус і дошкі. Гэта была праца. Не тое, што на Дальнім Усходзе – паходы ды секцыі.

Як працуеш, здаецца, калі ж ужо гэта скончыцца. А яно ўвесь час трывае: будоўля, рамонт... Але такі труд дапамагае разумець, што ўсё, што маем, складана дастаецца, і гэта можаш дацаніць. Маладыя браты, якія цяпер прыходзяць, бачаць акуратны кляштар. А я памятаю, калі тут трэба было цягаць цэглу…  Так і ў сям’і: варта, каб дзеці разумелі, што бацькі тое, што маюць, не проста ўзялі, але запрацавалі.

Што наконт касцёла і веры, то трапіць у касцёл у тыя часы было складана. На Дальнім Усходзе касцёлаў не было. Бліжэйшая царква была ў Хабараўску ў 8-9 гадзінах поездам, але часам мы туды выбіраліся. У касцёл хадзілі, толькі калі былі ў Беларусі. Ды і тут было няпроста. У маміных бацькоў на той час касцёл не функцыянаваў (падчас вайны згарэў), таму людзі маліліся ў каго-небудзь дома.

 kostelkamen

Касцёл св. Апосталаў Пятра і Паўла 1679 года, фота пачатку XX ст. (верхняе фота). Ён не захаваўся – згарэў у часы вайны. Захавалася толькі агароджа XIX ст. з бутавага каменя. У 1990 годзе на месцы былога драўлянага быў асвечаны новы каталіцкі касцёл з цэглы (ніжняе фота).

- Калі былі ў татавых бацькоў, наведвалі прыгожы драўляны касцёл у Паланечцы.

 kostelPolonechka

Зробім маленькае адступленне, каб крыху больш даведацца пра гэтае цікавае месца. Сама вёска вядома з 15 ст. Аднымі з уладальнікаў яе былі Радзівілы. Захаваўся пабудаваны імі палац. У 18 ст. тут жыў вядомы дзяржаўны дзеяч, кампазітар, паэт і драматург Мацей Радзівіл. Недалёка ад палаца ў 1751 быў пабудаваны драўляны касцёл св. Юрыя, які ў 1899 годзе перабудавалі.  У касцёле захаваўся арган, стары разьбяны алтар з мала вядомым цудоўным каранаваным абразом Маці Божай Мелітанскай (Ласкавай). У вёсцы лічаць, што менавіта яна ўратавала Паланечку ад спалення у часы Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ адна цікавостка - гэта сувязь са знакамітым беларусам Ігнацыем Дамейкам. Геолаг, мінералог, географ і этнолаг, шматгадовы рэктар Чылійскага ўніверсітэта, адзін з выбітнейшых выхаванцаў Віленскага ўніверсітэта і нацыянальны герой Чылі ў пачатку 19 ст. быў ахрышчаны ў гэтым касцёле (да перабудовы). 

- Памятаю адно са сваіх першых наведванняў касцёла. Яшчэ перад тым, як мы паехалі ў Омск, з дзядуляй прыйшлі ў святыню. Мне было каля 3-4 гадоў. Я разглядаў абразы, харугвы і пытаўся ў яго, а ён усё тлумачыў, вучыў, як сябе паводзіць, як укленчваць, як жагнацца, цалаваць крыж пры ўваходзе. Імша мне падалася доўгай, таму хутка ў мяне засталося толькі адно пытанне: “Калі ўсё гэта закончыцца?” Тады дзядуля мяне падняў, паказаў на тоўстую кнігу на алтары (Імшал) і пажартаваў: “Закончыцца, калі ксёндз тую кнігу прачытае”.

Пасля Імшы ўсе мужчыны сабраліся каля касцёла пагутарыць, абмяняцца навінамі. Выйшаў ксёндз Ежы Росяк, з усімі прывітаўся, і са мной таксама. Гэты святар мяне хрысціў. Некалі ён хацеў, каб мой тата пайшоў у семінарыю. Наша сям’я заўсёды была пры касцёле, дапамагалі на плябані. І тату падабалася быць на Імшы, чымсьці дапамагаць касцёлу, але ён не адчуваў паклікання да святарства. Тады ксёндз спытаўся ў таты, ці не будзе той супраць, каб яго сын пайшоў гэтым шляхам. Тата супраць не быў. Тады кс. Ежы сказаў, што будзе аб гэтым маліцца. Гэта мне бабуля распавядала. Ксёндз пасля сталінскіх лагераў вярнуўся ў вёску ў 1954 ці 55-м годзе і жыў у Паланечках да 1986 года, пакуль не загінуў у аварыі. Тады ён абслугоўваў шмат парафій, даязджаў у Ішкалдзь, Навагрудак, Сталовічы, Баранавічы, Ляхавічы, Новую Мыш. Каму патрэбна было, прыязджалі за ксяндзом і везлі, каб пахрысціць ці пашлюбаваць. Ён ведаў усіх людзей у вёсцы. І гуляючы па вуліцы, заходзіў то да аднаго, то да другога на гарбатку або яблычка з’есці, а найперш паразмаўляць. Такі калядны візіт штодня (смяецца). І да нас заходзіў. Бабуля мяне маленькага на руках трымала, а ён мяне па шчацэ ці за руку тузаў і прыгаворваў: “Расце, расце мой ксёндз”.

 2011 08 22 rosiak

Кс. Ежы Росяк. Пра яго можна больш даведацца з цікавага артыкула часопіса Ave Maria

Калі вярнуліся з Далёкага Усходу, хадзілі ў касцёл кожную нядзелю, каму праца дазваляла.

Найбольшы прыклад веры мне давала бабуля. І кожны святар, з якім прыходзілася сустракацца.
Адкуль бярэцца вера, як узнікае? Напэўна, складаецца з перажытых падзеяў, з пачутых расповедаў. Ну вось з такіх гісторый, напрыклад, як дзядуля распавядаў. Падчас вайны да яго знаёмага, з якім яны разам былі запісаны ў ружанцовым коле, прыйшоў немец і хацеў забраць каня. А гэты мужчына ведаў, што могуць прыйсці, і таму ў адну падкову ўкруціў даўжэйшы шып. А немцу сказаў, што конь кульгае, бо хворы. Немец загадаў выкруціць усе шыпы і зразумеў, у чым справа. Таму хацеў дедавага знаёмага растраляць. Толькі даў яму час на кароткую малітву. Калі адмаўляў “Тваёй абароне”, немец стрэльнуў, але выйшла асечка, тады другі раз стрэльнуў – зноў асечка, а трэці раз скіраваў у паветра, націснуў на курок – і ужо выстрэліла. Тады ён заругаўся па-нямецку і выйшаў, пакінуўшы мужчыну ў спакоі… Дзед тады патлумачыў гэты выпадак як дапамогу Панны Марыі.

Дарэчы, з усіх, хто з Паланечкі пайшоў на вайну, ніхто не загінуў. Некаторыя засталіся жыць за мяжой. З нашай радні потым прыязджалі з Бельгіі ў 90-я гады.

І ў маім ўласным жыцці былі сітуацыі, калі мог страціць жыццё. Яшчэ на Далёкім Усходзе ў піянерскім лагеры мы купаліся ў азёрах, якія пакідала рака Амур пасля разводдзя. У адным такім возеры было глыбейшае месца. Я туды заплыў і пачаў тануць. А ў нашай кампаніі быў хлопец Алег, ён прыгнуў у ваду і мяне выцягнуў. Я быў з ваеннага гарадка, а ён з вёскі. Звычайна хлопцы вясковыя не любілі хлопцаў з ваеннага гарадка, было супрацьстаянне. Пасля гэтага выпадку мы з тым хлопцам пасябравалі, і я стаў сваім для вясковых, мог да іх прыходзіць.

Таксама быў выпадак, калі прыгаў у гаражах і наткнуўся на пабітую бутэльку рукой. Моцна парэзаўся, кроў бруіла. А да дому было 700 м і 4 паверхі. Неяк склалася, што дома быў тата. Ён налажыў жгут і ў ванне мяне адпаіваў вадой. Добра, што і вада была, бо яе ў нас уключалі толькі на некалькі гадзін раніцай і вечарам. Але не зашывалі, рана зажыла сама. З палову лета зажывала. Кашпіроўскі дапамог (смяецца).

Хто гэта мяне можа так берагчы? Я ж сам сябе не ўратую…

Цікава, што за веру прыйшлося крыху і пацярпець. Я ужо быў у 11 класе. А тата быў прэзэсам касцёльнага камітэта. Пра гэтую паслугу ён казаў: “Сышоў з адной службы, трапіў на другую”. Будавалі забор: на палях мы збіралі камні, звозілі да касцёла, потым кувалдай калолі на меншыя кавалкі і выкладалі падмурак. Памятаю, быў у школе суботнік, а я паехаў камні збіраць. А дырэктар быў камуніст, яму гэта не спадабалася: “Ну прыйдзе час, атрымае ён у мяне атэстат…” Ён усіх дзяцей, хто хадзіў у касцёл, страшыў. У 11 класе было 5 хлопцаў і 6 дзяўчат, з іх 7 чалавек былі католікі. Наогул, карэнныя жыхары Паланечкі ўсе католікі.

- Пра Першую Камунію і Канфірмацыю: што запомнілася?

Калі на канікулах быў тут, трэба было мяне і брата падрыхтаваць да першай споведзі, а татаву хросную дачку - да шлюбу. І ездзілі на кані 3 разы на тыдзень да святара ў Ішкалдзь: кс. Багдан Крымскі з Баранавічаў праводзіў для нас катэхезы. Потым баба Люся трэніравала, як спавядацца. Памятаю, як падчас Імшы татава хросніца ішла да шлюбу, а мы з братам услед за ёй са свечкамі - да Першай камуніі.

Калі ўжо вярнуліся ў Беларусь, прыязджала законная сястра ў касцёл і рыхтавала да бежмавання. Трэба было выбраць імя. Выбраў сабе Ежы (Юрый) – як святара, які мяне хрысціў, ды і касцёл наш быў прысвечаны св. Юрыю. Бежмаваў мяне кардынал Казімір Свёнтак.

- Як нарадзілася жаданне стаць святаром, капуцынам? Чаму менавіта капуцыны? Дзе праходзілі фармацыю? Дзе неслі служэнне?

- Даволі часта ў мяне пыталіся: “Не хацеў бы ты быць ксяндзом?” Напрыклад, чаму сярод 5-6 міністрантаў менавіта ў мяне запытаўся незнаёмы ксёндз, які прыехаў на замену?

Адным часам у Паланечцы чакалі фігуру Маці Божай Фацімскай (была перэгрынацыя). Трэба было прыгатаваць дэкарацыі. Пакуль рыхтавалі, я быў адзін хлопец сярод дзяўчат: падняць штосьці цяжкае, замацаваць матэрыял… А законная сястра, якая накіроўвала працэс, у мяне за гэты час некалькі разоў запыталася: “А можа ты хочаш быць ксяндзом?” Я ўсё думаў, ну чаго яна да мяне прыстала… Потым быў час, што я адзін застаўся на адарацыі: я і Маці Божая. І мне было ўтульна так трываць.

Аднойчы мяне папрасілі паслужыць на пахавальнай Імшы. Настаўнік геаграфіі хаваў сына, які памёр у Мурманску, і яго прах прывезлі сюды. Усю Імшу бацька трымаў урну з прахам сына на руках… Я служыў на Імшы, а потым ксёндз папрасіў памагчы яшчэ на могілках. Трэба было прайсці 2 вёскі. У працэсіі ішлі бабулі, мы памаліліся ружанец, паспявалі. І ксёндз запытаўся, ці думаю я ісці ў семінарыю. Я тады не адказаў.

Пазней я вырашыў, што спачатку дапамагу тату дабудаваць дом, потым пайду ў армію, а ўжо потым у семінарыю.

Неяк заязджаў да бабулі бп. Казімір Велікаселец. Ён яе ведаў, бо адным часам служыў у нашым касцёле, а бабуля ў касцёле ладзіла букеты. Біскуп прапанаваў ёй завесці мяне ў Польшчу да дамініканаў: “Будзе ў белым хадзіць”. Я так сабе падумаў: “У белым, як медсястра, не хачу”. Бабуля казала, што яшчэ ёсць і францішкане, і паказала абраз св. Антонія. Я паглядзеў на яго брытую галаву (тэнзуру) і мне падумалася, што хіба не маё.

Пасля школы мой брат паступіў у Маладзечне ў палітэхнікум, а жыў на кватэры ў цёці Марысі, татавай сястры. Яны разам хадзілі ў касцёл св. Юзафа, а тады там служыў капуцын Гжэгаж Гуральскі. Відаць, брат расказаў яму, што я хачу ў семінарыю. Неяк Ян прыязджае і кажа, што а. Гжэгаж хоча са мной сустрэцца, просіць да яго прыехаць. Я быў здзіўлены, бо не разумеў, што да чаго. А тата кажа: “Калі ксёндз просіць прыехаць, то трэба ехаць”. Я ехаў аўтобусам да Стаўбцоў, потым двума электрычкамі... Прыехаў вечарам. Гэта было перад Раством. Убачыў а. Гжэгажа і зразумеў, што хіба францішканін. Але сказалі, што капуцын. Я тады яшчэ падумаў, што, можа, тэнзуру не выбрыюць (смяецца)…

 AZui07

У бакавой капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у касцёле св. Юзафа, Маладзечна.
Бр. Андрэй злева, пасярэдзіне - на той час дыякан Аляксей Раманчук.

А. Гжэгаж мне запрапанаваў восенню прыехаць да капуцынаў у Докшыцы, каб распачаць пастулат.

Лета заканчваецца, бульбу капаем. А татаў брат тады працаваў на рыбных прудах. Пруды спускаліся, а рыбу збіралі. Я планаваў памагчы яму (бо мне было цікава), а потым - у Докшыцы. Прыходжу дадому, а мне на тэлефон званок ад а. Гжэгажа: “Калі ў бліжэйшыя дні не прыедзеш, то ўсё страціш”. Я сабраўся і паехаў. Гэта быў 1999 год. У тыя часы касцёл яшчэ будаваўся. А. Ян Фібэк адкрыў дзверы, увесь у пабелцы: “А, ты пастулянт? Заходзь. Цяпер абед, а пасля можна папрацаваць”. Было яшчэ 4 пастулянты: Андрэй Квяцінскі, Валерый Кунгер, Генрых Кучынскі і яшчэ адзін хлопец з Маладзечна, але ён потым вярнуўся у свецкае жыццё.

 AZui01

Бр. Андрэй (справа) з сябрамі-аднакурснікамі на адной з братэрскіх сустрэч

Жыў нейкі час у манастыры, знаёміўся з польскай мовай, малітвай літургіі гадзінаў, дапамагаў будаваць касцёл. І тут тэлефонны званок – тата і мама павіншавалі з імянінамі, і тата кажа: “Ну што, сынок, набыўся манахам, то ўжо вяртайся дадому”. А я сказаў: “Не, буду тут жыць. Хутка ў Польшчу на вучобу паеду”. Тата памаўчаў, толькі папярэдзіў, каб маё рашэнне я добра абдумаў і потым не шкадаваў, і каб ужо тады ішоў да канца: “Калі вернешся, будуць над табой у вёсцы насміхацца”. Часам гэта падтрымлівала, але, канешне, не ў гэтым прычына.

Прыехаў у Польшчу – а там адны выпрабаванні: мовы не ведаў, занадта катэхезы не меўшы, не ведаў нават, з якіх частак складаецца ружанец. Таму простае даручэнне – правесці ружанец – адразу выклікала стрэс. Развіваў інтуіцыю, здагадваўся (смяецца). Штодня новае і нязнанае.

 AZui01

Бр. Андрэй у клерыкаце нават вучыўся 3 гады іграць на саксафоне

Потым у навіцыят перавялі ў новае месца. Для мяне жыццё ў гэтыя гады было на ўзроўні гераізму. Прасцей было б у Гродне ў семінарыі… Час ад часу разважаў і прымаў рашэнне ісці далей.

 AZui09

Калядная сустрэча усяго курса, навіцыят.

Пасля першых абетаў я прыехаў да бабулі. Яна мне ўпершыню паказала ў альбоме памятку, што за ксяндза Ежы пасля яго смерці ў Варшаве ў касцёле айцоў капуцынаў была адпраўлена Грыгарыянская Імша. Для мяне гэта было як прывітанне ад кс. Ежы з таго свету: ён за мяне маліўся, каб я стаў святаром, а за яго капуцыны маліліся. І я цяпер капуцын. Мяне тады быццам молнія прашыла. Такія моманты ўмацоўваюць у пакліканні.

Вечныя абяцанні я склаў 27.12.2006 г. у Слоніме. А ў Ліпнішках 18.05.2007 біскуп Антоній Пацыфік Дыдыч, капуцын, удзяліў мне святарскае пасвячэнне.

Ліпнішкі – мая першая пляцоўка, на якой я правёў 3 гады, потым 2 месяцы ў Слоніме, 3 гады ў Ваўкалаце (займаўся рамонтам у касцёле), і зноў вярнуўся ў Ліпнішкі – і там таксама трэба было займацца рамонтам.

Законніку трэба мець жывы прыклад такога жыцця, каб табе патлумачылі, што важнае, а што важнейшае, каб уклалі ў цябе індыкатар. Бо і Дух Святы дзейнічае, і сумленне, і ўсё здаецца важным. Такім чалавекам для мяне стаў а. Вітальд. Я з ім пражыў 14 гадоў.

- Ці ёсць цяпер любімы занятак, хоббі? Спорт, фільмы, кнігі - якія любіце?

- Люблю спорт, асабліва валейбол, але пакуль па стану здароўя адклаў яго.

Сярод любімых фільмаў - найбольш класіка: біяграфія Ганны Герман, старая версія “Знахарь”, “Табор уходит в небо”. Савецкі мультфільм “Мауглі”– у ім ёсць сэнс і глыбіня.

Калі казаць пра кнігі, то таксама класічныя творы. Лермантава больш, чым Пушкіна.

- Якое любімае блюда?

- Любімае блюда – боршч і да баршча. Гатаваць магу і люблю. Навучыўся, калі ў Ваўкалаце жыў адзін. Прыехаў на парафію, ўзрадаваныя мясцовыя жыхары далі дом, бліжэйшы да касцёла. Перад маім прыездам дом пратапілі, але мэблі там не было - першую ноч правёў на падлозе на матрасе. Я і аўчарка, шчанё. А з раніцы пачалося: хтосьці дровы і брыкеты прывёз, хтосьці ложак, іншыя – халадзільнік, тэлевізар, посуд. Нават спартыўны касцюм. “А адкуль Вы ведаеце мой памер?” – “А я на Вас паглядзела – мой мужык такі самы, то я і купіла”. Гатаваць там быў вымушаны сам. Святару трэба сябе глядзець, бо можна забегацца, знясілецца, а потым цяжка вярнуцца да здароўя.

- Якія любімыя словы з Бібліі? Ці ёсць любімая кніга ў Бібліі?

- Любімае месца ў Бібліі, асабістае, на чым будую, што дапамагае трываць у пакліканні – гэта размова Пілата з Езусам. “Што ёсць праўда?” (Ян 18, 38). Я сабе час ад часу задаю пытанне: “А што ёсць сёння для мяне праўда ў маім жыцці? Якая праўда пра тое, што раблю? Для каго раблю?”

- Глыбіня і павольны стыль разважанняў былі заўсёды для вас характэрныя?

- Так. У некаторых касцёлах так лепш чуваць (эха не перашкаджае), ды і чалавек паспявае абдумаць словы.

- Што натхняе, што выклікае радасць?

- Люблю споведзь, адарацыю. У семінарыі пісаў магістэрыюм “Дапамога спаведніка чалавеку ў стане дэпрэсіі”. Калі разумееш механізм, гэта дапамагае і падчас споведзі, і ва ўласных сітуацыях.

- Ці ёсць штосьці ў сабе, што не падабаецца?

- Заўсёды па-рознаму. Часам шкадую аб якіхсьці сваіх словах, якія, падаецца, дарэмна сказаў каму-небудзь. Як усе. Анёлам не адчуваю сябе. Калі многа на сябе ставіш, то з часам бачыш, што ну не вельмі. З перспектывы часу бачу, што нешта пэўнае лепш было б зрабіць інакш.

- Ці давяраеце снам?

- Не тое, каб яны кіравалі маім жыццём. І канешне, не шукаю значэнні ў сонніках. Але Богу бывае прасцей штосьці падказаць, калі спім і не занятыя справамі. Св. Юзафу Бог прамаўляў у сне. 

- Як жывецца і служыцца ў Маладзечне?

- Тут я, можна сказаць, адпачываю. У іншых месцах трэба было сабе гатаваць. Ды і ў касцёле маю толькі канкрэтныя свае абавязкі, а не тое, што ўсё на мне. Спрабую займацца апекай хворых.

- Можна скіраваць словы да нашых парафіянаў.

- Заставайцеся такімі ж добрымі, якія вы ёсць.

- Ці ёсць людзі, па якіх сумуеце?

- Стараюся на суме не канцэнтравацца. Цяпер усё спрашчае інтэрнэт. Але калі казаць пра думкі аб тым, ці шкадую, што я ксёндз, ці магло б скласціся жыццё інакш, то на гэтыя разважанні не варта марнаваць час – яны не ад Бога. Бывае, што чалавек нечакана прыходзіць на памяць, пра якога даўно не чуў, а потым аказваецца, што ў яго цяжкая сітуацыя ў жыцці або хвароба.

У нас, у капуцынаў, так заведзена, што час ад часу мяняем месца служэння. Калі скажуць ехаць у іншую парафію, я паеду. У адносінах з людзьмі стараюся сказаць праўду так, каб чалавека не скрыўдзіць, каб не заставалася прэтэнзій, каб трываць у сяброўскіх адносінах. Я ведаю, што калі раптам прыеду на былое месца служэння і папрашуся пераначаваць, то мяне прымуць. Успамінаюцца добразычлівыя людзі, якія ўжо адышлі з гэтага свету, асабліва іх парады мне, як святару.

Калі прыходзіць на памяць хтосьці, успамінаю ў малітве. Напэўна, з усіх, хто тады са мной вучыўся ў школе, святар толькі я…

 azui10

Жыццё кожнага чалавека, які імкнецца жыць з Богам, - гэта цікавая гісторыя, якую ствараюць Бог і чалавек. Божае натхненне і дапамога ў ёй пераплецены са згодай і высілкамі чалавека. Дзякуем брату Андрэю за шчырую размову і жадаем яму трываць і узрастаць у еднасці з Богам і ў святарскім і манаскім пакліканні. 

Пытанні задавала Кацярына Савянок.

Фота з асабістага архіва бр. Андрэя і архіва парафіі, адкрытых крыніцаў Інтэрнэт.