Skip to main content

Урачыстасць Першай святой Камуніі 10 мая 2026

| Падзеі »
 10 05 2026 1kamun003

 У нядзелю 10 мая наша парафіяльная супольнасць перажывала цудоўную урачыстасць: 58 дзяцей упершыню прынялі поўны ўдзел у святой Імшы. Белы колер альбаў - сімвал чысціні сэрца - напоўніў касцёл ззяннем, а сэрцы прысутных - святлом і радасцю.  

 10 05 2026 1kamun003

Галоўная ўрачыстасць адбылася падчас святой Імшы а 12-00, якую цэлебраваў пробашч нашай парафіі бр. Уладзіслаў. Таксама ва ўрачыстасці прыняў удзел кс. Віктар Субель, дзекан Іўеўскага дэканата, які прыехаў падтрымаць і павіншаваць са святам Першай Камуніі пляменніцу.

 10 05 2026 1kamun021

Гамілію бр. Уладзіслаў Мінько разважаў над тым, што такое скарб і што гатовы зрабіць чалавек, каб яго адшукаць. Дзеля такой вялікай, вельмі дарагой, але схаванай каштоўнасці чалавек гатовы зрабіць што заўгодна, нават аб’ехаць ўвесь свет. А калі знойдзе, то будзе гэтым скарбам даражыць, берагчы, абараняць, каб ніхто не скраў, не абясцэніў, не знішчыў. І ўжо нікому не аддасць.

Як працяг разважання пра скарб, брат узгадаў гісторыю адной кітайскай дзяўчынкі Лі, якая жыла ў 1950-я гады. Падчас катэхезы яна даведалася, што Езус у выглядзе хлеба штодня да нас прыходзіць, каб быць заўсёды з намі. Гэта яе моцна ўразіла. І калі яна прыняла Першую Камунію, то паабяцала Езусу, што ніколі Яго не пакіне. Лі штодня прыходзіла на Імшу. Праз некалькі месяцаў у касцёл уварваліся жаўнеры-камуністы, паламалі лаўкі, папсавалі абразы, а святара зачынілі ў каморцы і прыставілі да дзвярэй стражніка. У гэтай каморцы было акенца, праз якое святар мог бачыць, што адбываецца ў касцёле. Ён убачыў, як жаўнеры разбілі табернакулюм, як упалі на падлогу 32 гостыі, якія ўжо былі пераменены ў Цела Хрыста, і як па іх патапталіся... А ноччу ён убачыў каля гостый маленькую цень  - гэта была Лі. Яна патрывала гадзіну на малітве, а потым схілілася да падлогі, вуснамі ўзяла адну гостыю і з'ела. (Так яе навучылі, што нельга дакранацца да Цела Хрыста рукамі і прымаць Яго больш, чым адзін раз у дзень).  Яна прыходзіла 31 дзень, ціха малілася, прымала Цела Хрыста і сыходзіла незаўважаная. Але на 32 дзень пасля таго, як яна з'ела апошнюю гостыю, штосьці над яе нагой хруснула, і гэта прыцягнула ўвагу жаўнера. Ён стрэліў і забіў Лі. Святар праз некалькі гадоў атрымаў магчымасць вызваліцца і адразу патэлефанаваў амерыканскаму біскупу Фултану Шыну, дзякуючы якому гэтая кранальная гісторыя стала шырока вядомай.

Шчаслівая, што можа быць з Езусам, дзяўчынка аддала сваё жыццё, каб быць вернай абяцанню і не пакінуць Хрыста. Знайшоўшы сапраўдны Скарб, за яго не шкада аддаць жыццё...

"Ёсць людзі, - адзначыў бр. Улад, - якія могуць прымаць Хрыста, але не лічаць Яго аж такім вялікім скарбам. Часта розныя справы для іх важней, чым хоць раз у тыдзень прыйсці на нядзельную Імшу і прыняць Хрыста. А ёсць людзі, якія гатовыя адкласці многа спраў, каб быць на Імшы. Ёсць людзі, якія не баяцца граху. А ёсць людзі, якія імкнуцца пазбягаць найменшага граху, каб толькі магчы прымаць святую Камунію".

 10 05 2026 1kamun029

Брат заахвоціў кожнага прысутнага задаць сабе шэраг пытанняў: «А за што я гатовы аддаць сваё жыццё? Што з'яўляецца маім сапраўдным скарбам? Ці сапраўды гэты мой скарб можна параўнаць з тым, які знайшла Лі, - з Езусам, які аддаў за нас Сваё жыццё і нас не пакідае?   Ці я хачу быць верным Езусу? Ці Святая Камунія штосьці значыць для мяне? Ці я буду цаніць гэты скарб?” – і падкрэсліў, што Касцёл не мае чагосьці больш каштоўнага, чым Найсвяцейшы Сакрамэнт. “І гэтым Скарбам ён сёння дзеліцца з вамі, - звярнуўся да дзяцей пробашч. – Няхай гэты Скарб будзе вашым, дае вам радасць, спакой, дапамагае пераадольваць перашкоды ў жыцці”.

 10 05 2026 1kamun033

Падчас Імшы а 18-00 яшчэ 8 падлеткаў упершыню прынялі Камунію. Заахвочваючы не спыняцца на гэтым этапе духоўнага жыцця, бр. Андрэй Багдановіч параўнаў сэрца чалавека з полем. Калі мы прыходзім на Імшу і да споведзі раз у некалькі гадоў, то на полі нашага сэрца Духу Святому складана пасеяць і ўзрасціць добрае, бо сэрца тады падобнае на закінутую ніву, якая паспела зарасці лесам. А сэрца чалавека, які сустракаецца з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце, падобнае на добра падрыхтаванае ўрадлівае поле, гатовае прыняць насенне і даць ураджай. 

 10 05 2026 1kamun032

Нядзельнай урачыстасцю распачаўся так званы "Белы тыдзень", на працягу якога дзеці ў белых строях штодня збіраліся ў касцёл на Імшу, а потым разыходзіліся па ўсім горадзе, як агенчыкі, узбуджаючы ў сэрцах людзей і ўспаміны, і радасць, і пытанні. У гэтыя дні яны былі асаблівымі, бачнымі сведкамі Хрыста.

Падчас святых Імшаў святары імкнуліся заключаць словы ў яркія вобразы, каб яны засталіся ў памяці і далей працавалі ў сэрцы. Бр. Сяргей параўнаў чалавека са стаканчыкам, звонку заўсёды тым самым, але які можа напоўніцца і перапоўніцца вадой - Божай ласкай, якую Бог на кожнай Імшы шчодра пралівае на кожнага чалавека. Ад чалавека залежыць, якім бокам ён паверне стаканчык свайго сэрца да гэтай крыніцы: захоча прыняць ласку ці павернецца дном і застанецца пустым.  Бр. Андрэй Зуй падказаў, што Бог вельмі цярплівы і не злуецца, калі мы "надаядаем" Яму аднымі і тымі ж пытаннямі і просьбамі, бо Айцец з любоўю ставіцца да сваіх дзяцей і хоча іх навучыць. Таму варта не стамляцца пазнаваць Бога і звяртацца да Яго ў малітве. Бр. Андрэй Жылевіч адкрыў сакрэт, што Айцец больш лагодна ставіцца да нашых просьбаў, калі мы просім у імя Яго Сына: хто ведае Езуса, той мае "блат" у Небе.  Езус - наш найвялікшы Скарб, які варта адкрываць, захоўваць і быць Яму верным.   

 10 05 2026 1kamun054
 10 05 2026 1kamun087

Віншуем нашых маленькіх парафіянаў і іх бацькоў з вялікім святам. Няхай пасеянае ў сэрцах узрастае і прыносіць шчодрыя плёны. Дзякуем с. Кацярыне і братам капуцынам за іх шчырае і шматлікія высілкі ў працы на ніве нашых сэрцаў.

Тэкст: Кацярына Савянок

Фота: Ірына Сяліцкая, Кацярына і Эрык Савянок

(Больш фота з Імшы а 18-00 тут).