У свята Божай Міласэрнасці нашыя парафіяне наведалі грэка-каталіцкую царкву
У нядзелю Божай Міласэрнасці 12 красавіка некаторыя нашы парафіяне адказалі на запрашэнне вернікаў грэка-каталіцкай царквы Хрыста Чалавекалюбцы ў Маладзечне, якая знаходзіцца па вул. Віленскай, 44, і прынялі ўдзел у адпустовай урачыстай святой Імшы з нагоды свята тытула царквы - Хрыста Чалавекалюбцы, альбо Езуса Міласэрнага.

Абраз Езуса Міласэрнага, змешчаны ў царкве
Грэка-каталіцкая царква была створана ў выніку Брэсцкай уніі ў 1596 г. як спроба з'яднаць католікаў і праваслаўных. У 1791 г. на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ўніяты складалі 39% насельніцтва, а на беларускіх землях - 75%, а ў сельскай мясцовасці - больш за 80%. Уніятамі з'яўляліся частка гараджан і дробнай шляхты. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расійскай Імперыі, частка ўніятаў перайшла ў праваслаўе (Полацкі Сабор 1839 г.), а частка засталася ў зносінах з Рымам.
Грэка-католікі прайшлі вельмі складаны шлях, але веру захавалі. Магчымасць выйсці з падполля і адкрыта вызнаваць сваю веру яны атрымалі толькі пасля распаду СССР у 1991 г. З 1994 г. кіраўніком Грэка-каталіцкай царквы на Беларусі з'яўляецца апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які належыць да кангрэгацыі марыян (MIC).
У нашым горадзе грэка-каталіцкая царква існуе з 1990-х гадоў. Найбольшае адрозненне ад каталіцкага касцёла тут у тым, што вернікі звычайна не могуць бачыць алтар: ён закрыты іканастасам, як у праваслаўнай царкве. Св. Імша праводзіцца на беларускай мове, але згодна з візантыйскім абрадам. Вернікі рыма-каталіцкага абраду маюць права поўнага ўдзелу ў св. Імшы ў грэка-каталіцкай царкве - могуць прымаць святую Камунію.

Адпустовую святую Імшу цэлебраваў айцец Зміцер Чарнэль, які прыехаў у Маладзечна з Гродна. Мясцовыя парафіяне нам далі брашуры з парадкам св. Імшы, каб мы маглі далучыцца да малітвы-спеву. Прыгожа атрымалася. Уразіла, што св. Імша - гэта цалкавітая песна праслаўлення Пана Бога.
Урывак з Евангелле быў такі ж, як і ў касцёле (Ян 20, 19–31). А. Зміцер у гаміліі адзначыў, што мы ў шматлікіх выпадках можам параўнаць сябе і сваю веру з верай апостала Тамаша. Магчыма, што з-за страху перад юдэямі Тамаш адсутнічаў на спадканні вучняў з Езусам, а калі вучні расказалі, што бачылі Хрыста, то ён ім не паверыў. Як і ў Тамаша, наша вера вельмі слабая. Мы чакаем нейкага яўнага цуда, знака, але калі Бог дзейнічае ў нашым жыцці, мы, будучы сляпымі і глухімі, не заўважаем Яго.
А. Зміцер падкрэсліў, што Бог кожнага з нас пасылае ў свет, каб мы неслі "святло" іншым людзям і дапамагалі ім пазнаць Хрыста. Шмат людзей, якія патанулі ў сваіх грахах, не ведаюць, што Бог - Чалавекалюбец, міласэрны, гатовы выратаваць кожнага, хто прыйдзе да Яго.

Пасля святой Імшы нас запрасілі за святочны стол, дзе ў цёплай сяброўскай абстаноўцы мы абмяняліся віншаваннямі і добрымі пажаданнямі, падзяліліся ўражаннямі.

Дзякуем нашым братам грэка-католікам за запрашэнне і магчымасць па-іншаму адкрыць для сябе прыгажосць малітвы. Для тых, хто адчуе жаданне наведаць гэтае месца, варта сказаць, што ў цяперашні час свайго святара парафія не мае. Прыязджаюць святары з Мінску або з Гродна. Св. Імша звычайна цэлебруецца ў суботу а 17-00.
Тэкст і фота: Надзея Мажуць