Святы Пасхальны Трыдуум 2-4.04.2026. Сведкі Божай любові

Як вядома, Вялікі Чацвер - дзень устанаўлення сакрамэнтаў Святарства і Эўхарыстыі. Таму перш, чым распачаць літургію, парафія сардэчна павіншавала нашых лЮбых святароў.

Пасхальны Трыдуум у гэтым годзе для многіх вернікаў нашай парафіі пачаўся з хвалюючага пытання. Справа ў тым, што падчас Імшы Вячэры Пана ў Вялікі Чацвер дыялог Хрыста з Пятром з 13 раздзелу Евангелля ад Яна закрануў кожнага прысутнага вельмі асабіста:
- Пане, Ты хочаш абмыць мне ногі?
- Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мною.
Як вядома, падчас Імшы Вячэры Пана святар здзяйсняе бачны знак любові Хрыста: абмывае ногі вернікам. У нашым касцёле звычайна гэта былі 12 мужчын, якіх загадзя папрасілі. У гэтым годзе не было вызначаных. Былі ўсе мы, кожны з прысутных, мужчыны і жанчыны. І да кожнага з нас бр. Уладзіслаў Мінько, які цэлебраваў св. Імшу, звярнуўся з прапановай шчыра стаць перад сабой і перад Богам ў праўдзе і адказаць сабе на пытанне: “Ці хачу я ісці за Хрыстом? Ці сапраўды хачу быць Яго вучнем?”

“Браты і сёстры, дазвольце сабе адчуць і прыняць любоў нашага Бога,” – заклікаў брат.
У гэтым годзе на лаўцы перад алтаром Езус праз рукі і вусны святара абмыў ногі жанчынам і мужчынам, свецкім і кансэкраваным асобам, якія адважыліся адчуць смак Яго любові, каб быць яе сведкамі.


“Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам” (Ян 13, 14).

Малітва ў Вялікую Пятніцу пачалася з Крыжовага шляху, які праводзіла тэатральная група нашай парафіі.

Прыкасцёльная тэрыторыя на гадзіну стала Віа Далароса, па якой вялі Хрыста.

Усе прысутныя натоўпам ішлі за Езусам, і многія адчулі сябе сведкамі Яго цярпенняў.


Літургію Мукі Пана ў Вялікую Пятніцу ўзначаліў бр. Андрэй Зуй. У гаміліі ён разважаў над апошнімі словамі Езуса, якія Ён прамовіў з крыжа. Гэта словы чалавека перад абліччам смерці - самыя істотныя словы, якія адрасаваны блізкім, і нам таксама.

“Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34) - словы прабачэння і любові да сваіх крыўдзіцеляў, перамога любові над нянавісцю. Падчас укрыжавання побач з Езусам мала было тых, хто Яго любіў. Ён быў у атачэнні тых, хто шукаў Яго смерці. Але любоў і Ахвяра Хрыста прызначана і для іх. “Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў” (Іс 53, 12) .
“Сёння будзеш са Мною ў раі” (Лк 23, 43) - словы прабачэння і надзеі для кожнага чалавека, які перажывае шчырае раскаянне.
“Жанчына, вось сын Твой; вось Маці твая” (Ян 19, 26-27) - дасканалае выкананне запаведзі любові – клопат аб маці. Езус пакідае нам запаведзь клапаціцца аб бацьках, не гледзячы на тое, у якой сітуацыі мы знаходзімся: Ён кажа аб гэтым з крыжа.
“Прагну!” (Ян 19, 28). Выраз цярпенняў Езуса на крыжы, не толькі Яго фізічнай пакуты, але і прагнення духоўнага – аб збаўленні кожнай душы.
“Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” (Мц 27, 46) - словы 22 Псальма, які прароча апісвае пакуты Месіі. Гэтым Езус пацвярджае, што Ён Месія і Збаўца.
“Ойча, у рукі Твае аддаю Я дух Мой” (Лк 23, 46) - вернасць Айцу да самага канца і запавет для нас адыходзіць з гэтага свету паяднанымі з Богам.
“Здзейснілася!” (Ян 19, 30) – сцвярджэнне таго, што Яго місія завяршылася. Што гэта значыць? Сітуацыя, калі хтосьці ўзяў вялікі крэдыт, які па розных абставінах не можа сплаціць і ўсё глыбей загразае ў даўгах, губляе спакой і радасць, падобная да сітуацыі духоўнага доўга кожнага з нас. Такім доўгам, з якога мы самі не можам вызваліцца, ёсць грэх. І за яго заплаціў Езус на крыжы. “Здзейснілася!” – гэта значыць: “Я заплаціў за твае грахі, склаў дасканалую ахвяру, вызваліў цябе”.

Ці прыму з любоўю і ўдзячнасцю Яго Ахвяру? “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною” (Мц 16, 24). Крыж і вырачэнне – тое, што нас палохае. Хочам ісці за Езусам, але як сябе “абнуліць”, каб гэта Бог прыняў? Праўда ў тым, што найбольшым крыжам для мяне ёсць я сам. І праўда ў тым, што калі я сапраўды кагосьці люблю, то зраблю для яго ўсё, што яму патрэбна, забываючы пра сябе – і гэта не будзе цяжка.

Той, за каго памёр Езус.
Вігілійную святую Імшу, першую ў сваім святарскім жыцці, цэлебраваў бр. Сяргей Гусар. Незвычайным было тое, што падчас гаміліі ў святара ўзяла інтэрв’ю дзяўчынка Вераніка. Яна задавала пытанні, якія, напэўна, цікавяць многіх, але не ўсе адважваюцца спытаць.

- Бр. Сяргей, а чым адрозніваецца гэтая ноч ад усіх іншых?
- Напэўна, ты заўважыла, што ў пачатку Імшы адзіным святлом, якое мы бачылі, было вогнішча. Сённяшняя субота – адзіны дзень на працягу года, калі ў касцёле няма літургіі і нават Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце няма ў касцёле. Імша пачынаецца ноччу ў цемры, якая сімвалізуе смерць і грэх. І вось з’яўляецца святло – агенчык пасхала - сімвал Хрыста, які рассвятляе цемру.

- Чаму мы ўзгадваем пра рабства, замест таго, каб забыць пра яго?
- Падчас літургіі мы чулі расповед аб тым, як Бог вывеў габрэяў з егіпетскага рабства, каб зрабіць іх сваім народам. Але габрэі хутка перасталі слухаць словы Бога і пачалі пакланяцца розным ідалам. Падобна і сучасны чалавек, атрымаўшы хрост, з часам забывае пра Таго, Хто даў яму свабоду, і пачынае прывязвацца да розных рэчаў, упадаць у залежнасці, становіцца рабом граху. Гэтая ноч паклікана нагадаць нам, кім ёсць Бог.
Перад святам Пасхі ў габрэйскай сям’і трэба было адшукаць і пазбавіцца старога кваснога хлеба (хамеца). Хамец спальвалі або закопвалі ў зямлю на знак вызвалення з уласнага рабства - граху, слабасцяў і ўпадкаў, а потым рабілі новы хлеб – сімвал новага жыцця.
- Чаму мы кожны год распавядаем адну і тую ж гісторыю?
- Мы забываем, таму штогод мы павінны сабе прыпомніць, што Бог кожны дзень прыходзіць нас вызваліць і адарыць Сваёй любоўю.
- Чаму мы слухаем так шмат чытанняў? Няўжо аднаго не хопіць?
- У гэтых чытаннях – урыўках з розных кніг Старога Запавету – мы чуем гісторыю стварэння свету, грэхападзення чалавека і прароцтвы аб Месіі, які павінен прыйсці і збавіць народ, вярнуць яго Богу. У Езусе гэта спаўняецца.
- Чаму трэба было памерці Езусу? Няўжо Ён не мог нас выбавіць інакш?
- Раней калі габрэі заключалі запавет, аб нечым дамаўляліся, яны маглі разрубіць якую-небудзь жывёліну і казалі: “Калі я парушу дадзенае абяцанне, то няхай мне станецца, як гэтай жывёліне”. У запавеце з людзьмі Бог зразумеў, што чалавек уласнымі сіламі гэты запавет не захавае. Таму Езус – Бог і чалавек - прыйшоў на зямлю, каб замест кожнага з нас прыняць на сябе тыя словы “няхай мне станецца, як гэтай жывёліне”. Каб ачысціцца ад грахоў, габрэі складалі розныя ахвяры: ад быкоў, казлоў і баранкаў да жмені мукі. Хрыстос становіцца кожнай ахвярай, дасканалай ахвярай, каб мы маглі трываць у запавеце з Богам.

А што табе найбольш падабаецца ў тым, што ты дзіця?
- Тое, што я свабодная, магу не думаць пра будучыню.

- Як ты думаеш, што дарослым перашкаджае быць шчаслівымі?
- Напэўна, тое, што яны хочуць усё кантраляваць і мала давяраюць Богу?
- Добры адказ. Гэтая ноч павінна кожнаму з нас нагадаць, што ён з’яўляецца Божым дзіцём. Калі я дзіця, я не клапачуся. Я ведаю, што бацькі мяне ўсім забяспечаць, а я магу радавацца і трываць у спакоі. А дарослы чалавек пераважна хоча трымаць сітуацыю пад кантролем і не хоча нікому давяраць. Бог дарослага чалавека – бог поспеху і грошай. Дарослы не хоча бачыць Бога ў слабасці і ахвяры.
Напрыканцы гаміліі бр. Сяргей заахвоціў кожнага імкнуцца адчуць сябе Божым дзіцём, якога моцна любіць Айцец, дазволіць сабе паддацца гэтай любові і быць яе сведкам.

Тэкст: Кацярына Савянок
Фота: Эрык Савянок, Кацярына Савянок