Велікодная радасць без межаў: як валанцёры з Маладзечна неслі святло Уваскрасення

Велікодныя святы — гэта час, калі радасць Уваскрасення Хрыста напаўняе нашыя сэрцы і дамы. Але сапраўдны цуд адбываецца тады, калі гэтая радасць выходзіць за межы нашых сем’яў і парафій, трапляючы да тых, хто найбольш патрабуе цяпла і ўвагі. Менавіта такое сведчанне веры ў дзеянні паказалі валанцёры парафіяльнага «Карытас» пры касцёле святога айца Піо ў Маладзечне. На працягу трох дзён пасля Вялікадня яны неслі святло Уваскрослага Пана ў сацыяльныя ўстановы свайго горада.

Сваё велікоднае служэнне валанцёры разам з братамі капуцынамі Сяргеем і Войцехам, а таксама с. Янай MSF распачалі ў Велікодны панядзелак, завітаўшы да жыхароў пансіяната «Цёплы дом».

У аўторак радасная вестка пра Уваскрасенне Пана гучала ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і пажылых грамадзян, а ў сераду цёплыя сустрэчы адбыліся з пацыентамі бальніцы сястрынскага дагляду ў пасёлку Беразінскае.
Цэнтрам кожнай сустрэчы стаў святочны стол, які шчодра ўпрыгожылі фарбаваныя яйкі, духмяныя булкі, кулічы, пернікі і цукеркі, ахвяраваныя вернікамі парафіі. Вясёлая традыцыйная гульня ў «біткі» выклікала шмат смеху і радасці як у пастаяльцаў, так і ў саміх валанцёраў. Падчас сустрэч гучалі песні, праводзіліся гульні і конкурсы, а самае галоўнае — не сціхалі шчырыя размовы, якіх так часта не хапае людзям у ізаляцыі.

Да таго ж, дзякуючы парафіянам, кожны атрымаў індывідуальны падарунак: неабходныя сродкі гігіены, салодкія пачастункі і маленькія ўпрыгожванні. Але, як адзначаюць самі валанцёры, найважнейшым было тое, што кожны адчуваў радасць Уваскрасення Хрыста праз цёплыя ўсмешкі і сяброўскія абдымкі. Менавіта гэтая жывая прысутнасць, увага і любоў сталі найлепшым падарункам, які сведчыць пра тое, што ніхто не забыты.

Шчыры дзякуй усім дабрачынцам, валанцёрам і кожнаму, хто спрычыніўся да святкавання і падзяліўся радасцю і цеплынёй свайго сэрца з патрабуючымі.
Няхай уваскрослы Езус узмацняе Вашу веру, напаўняе сэрца міласэрнай любоўю і становіцца крыніцай радасці і супакою.
Тэкст: Ірына Фаміна
Фота: Фаміна Ірына, Ліка Мінькоўская