22 лістапада, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Калі б і ты пазнаў, што служыць для спакою твайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі Езус наблізіўся да Ерузалема і ўбачыў яго, заплакаў над ім і сказаў: О, калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго. Але цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх. Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку. І зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх з табою, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу адведзінаў сваіх.
Гэта слова Пана.
Езус ведае, што чакае Яго ў Ерузаліме, але свядома і паслядоўна крочыць ў горад. Ерузалім з’яўляецца канчатковай мэтай зямнога вандравання Езуса, бо у ім ажыццявіцца паяднанне людзей з Богам. У тым, што робіць Езус ёсць глыбокі сэнс. Ён з’яўляецца Панам сусвету. Вучні Езуса вітаюць Яго радасным Псальмам 118, такім чынам падкрэсліваецца Яго каралеўская годнасць. Тут выяўляецца моцны кантраст, калі Езус плача сярод радасных воклічаў натоўпу. Ён аднак ведае, якім чынам будуць адбывацца далейшыя падзеі. Ён пакутуе з-за таго, што будзе адрынута Божая любоў, аб’яўленая кожнаму чалавеку. Лёс Ерузаліма, які адрынуў Езуса, гэта сімвал усіх тых, якія на працягу вякоў не хацелі і далей не хочуць прыняць Евангелле.
Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.
- Праглядаў: 699