Skip to main content

20 лістапада, аўторак

Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 19, 1–10

Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус увайшоў у Ерыхон і праходзіў праз яго. І вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты, стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту. Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць. 

Калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння мне трэба быць у тваім доме. 

Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю. 

А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека. Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш. 

Езус сказаў яму: Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама. Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Закхей як кіраўнік мытнікаў, наймаў на даручанай яму тэрыторыі калектараў падаткаў за тавары, якія прадаваліся і ўсталёўваў іх велічыню. Гэтая пасада магла забяспечыць яго немалое багацце, але з іншага боку было прычынай ненавісці з боку людзей. Лука расказвае пра сустрэчу Закхея з Езусам перш за ўсё дзеля таго, каб паказаць найглыбейшы сэнс паслання  Пана: знайсці і прывесці да Бога тых, якія згубіліся ў жыцці, якія былі выцесненыя людзьмі і прыгавораныя на асуджэнне. Паводзіны Закхея ўказваюць на тое, што сустрэча з Езусам, якой ён сам прагнуў, спрычынілася да ягонага ўнутранага навяртання. Знакам таго, што ён распачынае новае жыццё з’яўляецца яго рашэнне кампенсваць усе прычыненыя крыўды. Не было гэта пустой дэкларацыяй, паколькі Езус сцвердзіў, што ў гэты дзень Закхей атрымаў збаўленне. Такім чынам даў зразумець, што прад Богам ніхто не знаходзіцца ў безнадзейным становішчы. Кожны, што хоць крыху праявіць добрую волю і адкрыецца на Божую ласку, атрымае прабачэнне грахоў і дасягне збаўленне.

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 741