Skip to main content

19 лістапада, панядзелак

Пане, каб я зноў бачыў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 18, 35–43

Што хочаш, каб я зрабіў табе? — Пане, каб я зноў бачыў

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

Калі Езус падыходзіў да Ерыхона, адзін сляпы сядзеў пры дарозе, просячы міласціну. Пачуўшы, што праходзіць натоўп, распытваўся, што гэта такое. Яму сказалі, што гэта праходзіць Езус Назаранін. Тады ён закрычаў: Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною. 

Тыя, хто ішоў наперадзе, загадвалі яму, каб замоўк. Ён жа яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіда, змілуйся нада мною.

Спыніўшыся, Езус загадаў прывесці яго да сябе. І калі той наблізіўся да Яго, спытаўся: Што хочаш, каб я зрабіў табе? Ён сказаў: Пане, каб я зноў бачыў. Езус сказаў у адказ: Будзь відушчым, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам, славячы Бога. І ўвесь народ, убачыўшы гэта, аддаў хвалу Богу.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Апісанне цуду аздараўлення сляпога чалавека падкрэслівае факт, што дзякуючы веры ў Езуса пераходзім ад крыку напоўненага пакутамі да радаснага праслаўлення Бога, ад жыццёвай стагнацыі - да выканання спраў дзеля Божай славы. Сляпы, нягледзячы на шматлікія абмежаванні і безнадзейнасць свайго становішча, змог выкарыстаць непаўторны шанец, якім з’яўляецца праход Езуса побач з ім. Ён распазнае ў Езусе не толькі незвычайнага чалавека з Назарэту, але і доўгачаканага Месію а таксама свайго адзінага Пана і Збаўцу. Гэта магло ажыцявіцца, таму што перш чым былі аздароўлены ягоныя вочы, ён быў унутрана асвечаны святлом Божай ласкі. Гэта нарадзіла ў ім веру, якая давала магчымасць прыняць чарговыя ласкі.       

Каментарый да Евангелля паводле Лукі. Біблія Таварыства св. Паўла.

  • Праглядаў: 693