18 лістапада, 33 нядзеля звычайнага перыяду
ЕВАНГЕЛЛЕ
Збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах.
Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць.
А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец.
Гэта слова Пана.
Акрэсленні часу, якія прымяняюцца ў сённяшнім фрагменце Евангелля “у тыя дні” і “тады” трэба разумець вельмі агульна. Езус Хрыстус паўторна прыйдзе ў славе сярод вялікіх касмічных знакаў, як прадвясціў гэта ў сваім бачанні прарок Даніэль (Дн 7, 13н). Ніхто аднак не ведае, калі гэта адбудзецца. Таму неабходна нам быць чуйнымі і заўсёды гатовымі на тую асаблівую хвіліну.
Карыстаючыся вобразам смакоўніцы, Езус вяртаецца да раней зададзенага апосталамі пытання: “Скажы нам, калі гэта будзе і які будзе знак, калі павінна ўсё гэта споўніцца?”. Езус дае ім зразумець, што ганенні, пакуты і знішчэнне ерузалімскай святыні адбудзецца раней чым міне іх пакаленне. Марк пісаў сваё Евангелле неўзабаве пасля жахлівых ганенняў у часы Нэрона, а святыня і ўвесь Ерузалім будзе знішчаны Цітам у 70 годзе пасля Хрыста, пад канец габрэйска-рымскай вайны.
У Бога ёсць для людзей свае асаблівыя планы, якія да акрэсленага Богам моманту павінны заставацца таямніцай як для людзей, так і для анёлаў. Езус, будучы Божым Сынам, ведае збаўчыя намеры свайго Айца і прыйшоў на зямлю, каб абвясціць іх людзям. Аднак гэта Бог Айцец вырашае, якім будзе канчатковы лёс свету. Чалавек павінен быць чуйным, бо ніколі не ведае, калі Бог прыйдзе да яго, каб паклікаць да сябе.
Каментарый да Евангелля паводле Марка. Біблія Таварыства св. Паўла.
- Праглядаў: 720