Skip to main content

29 кастрычніка, панядзелак

Езус навучаў у суботу ў адной з сінагог

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 13, 10–17

Гэтую дачку Абрагама, ці не трэба было вызваліць ад путаў у дзень шабату?

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус навучаў у суботу ў адной з сінагог. І вось была там жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была згорбленая і зусім не магла выпрастацца. Езус, калі ўбачыў яе, паклікаў і сказаў ёй: Жанчына, ты вызвалена ад немачы сваёй. І ўсклаў на яе рукі, і яна адразу выпрасталася, і пачала славіць Бога.

Але кіраўнік сінагогі, абураючыся, што Езус аздаравіў у суботу, сказаў народу: Ёсць шэсць дзён, у якія трэба працаваць: тады і прыходзьце аздараўляцца, а не ў дзень шабату.

Тады Пан сказаў яму ў адказ: Крывадушнік, ці не адвязвае кожны з вас у суботу вала, ці асла свайго ад жолаба і не вядзе піць? А гэтую дачку Абрагама, якую звязаў сатана ўжо васемнаццаць гадоў назад, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень шабату?

Калі ж Ён сказаў так, усе праціўнікі Яго засаромеліся, а ўвесь народ радаваўся ўсім слаўным учынкам Ягоным.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Адкрываючы сённяшняе Евангелле, з зацікаўленасцю гляджу, што Бог для мяне сёння падрыхтаваў. Чытаю адпаведныя радкі і перашае ўражанне, якое ў мяне складаецца, гэта: “якая прыгажосць” і задавальненне - “спрытна Ён паставіў на месца фарысеяў!” Аднак задумваючыся глыбей і прыслухоўваючыся да гэтага слова далей, пачынаю разумець, што не ўсё так проста.

Бачу жанчыну. Гэтая постаць для мяне найбліжэйшая. Гэта хворая жанчына, яна зламаная і прыгнечаная. Яе пакуты трываюць васемнаццаць гадоў! А яна ўсцяж верна прыходзіць ў сінагогу. Езус яе ўбачыў. Узрушваюць мяне гэтыя словы. Я таксама хачу быць заўважана Езусам! Хачу быць заўважана з маёй немаччу. Езус бачыць гэтую жанчыну, бачыць яе хваробу, згорбленае цела і працяты болем твар. Езус не адварочвае ад яе зрок, не прыкідваецца нібыта яе не бачыць, што яе няма. Наадварот. Падобным чынам і ў адносінах з намі. Езус глядзіць на мяне і цябе. Глядзіць з любоўю, хочучы даць нам свабоду ад нашага граху і слабасці. Хрыстос змагаецца за нас так, як змагаўся з фарысеямі за пазнанне Божай любові замест закону, у якім няма месца для чалавека.

Гэтае слова заклікае нас чарговы раз пераглядзець наш вобраз Бога. Гэтае слова заахвочвае нас аддаць Езусу ўсё тое, што з’яўляецца для нас барацьбой, немаччу, грахом, тое, чаго я саромеюся, што мяне прыніжае. Гэтае слова заахвочвае таксама знайсці сэнс доўгай, здавалася б бясплённай малітвы. Станьма перад Езусам на малітву шчырую, без маскі праведніка, такога “прылізанага” чалавека. Бог ведае нас. Ведае да глыбіні настолькі, што мы самі сябе ажно так не ведаем. Ён хоча, каб мы свабодна ажыцяўлялі гэтае слова.

Складана нам паверыць у гэта, таму што часта складана нам прыняць саміх сябе з нашай слабасцю. Сучасны свет вучыць нас, што неабходна быць паспяховым чалавекам, які спраўляецца з любымі цяжкасцямі. Штодзённасць аднак жорстка паказвае, што ня гледзячы на рашучыя абяцанні, увесь час здзяйсняем памылкі. Падаем. Грэшым. Месяцамі спавядаемся з тых самых грахоў і не бачым, каб штосьці змянялася.

Езус дае нам сёння надзею, што шчырае трыванне з Ім прынясе свой плён. Ён дасць мне сваё аздараўленне. Калі? Не ведаю, але калі хачу быць веруючым чалавекам, неабходна даверыцца Яму, бо Ён бачыць мяне і ведае. 

Ці я па-сапраўднаму адчуваю, што Хрыстос мяне бачыць і любіць нават ня гледзячы на грахі? Ці ведаю ўжо як расказаць Езусу пра тое, што з’яўляецца для мяне найбольшай пакутай і болем? Ці веру я, што Езус можа мяне аздаравіць?

С. Магдалена Сіткоўская, капуцынка НСЕ, Польшча

  • Праглядаў: 853