27 кастрычніка, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Калі не пакаецеся, усе таксама загінеце
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. Езус сказаў ім на гэтае: Думаце, што гэтыя галілеяне былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілеян, бо так пацярпелі? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васемнаццаць, на якіх звалілася сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам, але калі не пакаецеся ўсе таксама загінеце.
І расказаў вось якую прыпавесць: Адзін чалавек меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў. І сказаў вінаградару: Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?
Але той сказаў яму ў адказ: Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу ўгнаеннем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе.
Гэта слова Пана.
Назіраючы за бядой, якая з кімсьці здарылася, людзі часта інтэрпрэтуюць гэты факт з дапамогай прымітыўнай логікі закону. Напрыклад, хтосьці загінуў або захварэў, гэта азначае, што ён быў пакараны Богам за нейкія грахі. Гэтае страшнае, нават забойчае мысленне аўтаматычна ставіць нас у пазіцыю суддзі чалавека. Яно схіляе шукаць у гэтым няшчасным чалавеку грэх, які стаў прычынай няшчасця. З такім мысленнем і Бог уяўляецца хутчэй як сляпая Феміда, чым як міласэрны Айцец.
Да Езуса прыходзяць нейкія людзі і паведамляюць, што вось Пілат зарэзаў галілеян, якія складалі ў Ерузаліме ахвяры. Езус ведаў, што Яго суразмоўцы ў сваім мысленні перакананыя, нібыта на галілеянах тых быў нейкі грэх, і вось насцігла іх Божая кара. Езус аднак выразна гэтаму запярэчвае. Ён кажа, што людзі тыя былі не большымі грэшнікамі, за тых, якія засталіся ў жывых. Далей Хрыстос сам прыводзіць іншы падобны прыклад пра восемнаццаць загінулых пад руінамі сілаамскай вежы. І знову ж пераконвае, што іх пагібель не была карай за грахі. Два разы Хрыстос таксама асцерагае сваіх слухачоў перад гэтым асуджэннем, якое трымаюць у сэрцы: “Кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце”. У гэтым выпадку слова “пакаецеся” (metanohete) літаральна азначае “зменіце мысленне”.
Але паўстае пытанне: калі логіка закону памылковая, то як Бог рэагуе на чалавечы грэх? Ён рэагуе доўгацярплівай міласэрнасцю, якая вобразна паказана ў прыпавесці пра бясполодную смакоўніцу. Вінградар не толькі пакінуў яе расці, але яшчэ абкапаў і аблажыў угнаеннем. Гэтак і міласэрны Бог - не проста пакідае пры жыцці грэшніка, але яшчэ больш укладае ў яго сваёй любові, каб мог нарэшце прыносіцць добрыя плады праведнасці.
Ці не інтэрпрэтую я чужыя або ўласныя беды як Божую кару? Як фарміруецца ўва мне вобраз Бога, паводле чалавечых уяўленняў ці паводле хрыстовага Евангелля?
Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 872