26 кастрычніка, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў народу: Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, адразу кажаце «дождж будзе», і так адбываецца. А калі дзьме паўднёвы вецер, кажаце «спякота будзе», і так адбываецца. Крывадушныя, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага не пазнаеце? Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?
Калі ідзеш з праціўнікам тваім да кіраўніка, то па дарозе пастарайся пазбыцца яго, каб ён не прывёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў цябе дазорцу, а дазорца не ўкінуў цябе ў вязніцу. Кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга гроша.
Гэта слова Пана.
У дзяцінстве, падчас летняга сенакосу, мой дзед часта паглядаў на гарызонт. Ён сачыў, ці не набліжаецца хмара. Калі ж прыходзіў да высновы, што хутка пойдзе дождж, падымаў унукаў “па трывозе”, і мы імчалі на роварах, каб паспець злажыць сена ў копы, не даць яму змокнуць.
Хрыстос у сённяшнім Евангеллі папракае сваіх слухачоў у тым, што яны ў духоўным жыцці не карыстаюцца вопытам так спрытна, як ў практычным штодзёным жыцці. Бог, ствараючы чалавека, не выпадкова надзяліў яго розумам, здольным прагназаваць будучыню. Як хмара на гарызонце сігналізуе пра тое, што хутка будзе дождж, так наша сумленне, ацэньваючы ўчынкі папярэджвае пра іх паступствы. Таму Хрыстос пытаецца: “Чаму ж вы і па саміх сабе не судзіце, што слушнае?”.
Далей Езус прыводзіць канкрэтны прыклад такога мудрага карыстання ўласным сумленнем. Гэта дазваляе загадзя прадпрыняць такія дзеянні, якія дазволяць пазбегнуць шкодных наступстваў. Але выраз “пазбыцца праціўніка пакуль не прывёў цябе да суддзі” азначае вядома, не знішчыць праціўніка, а памірыцца з ім. Тады чалавек гэты проста перастае быць тваім праціўнікам.
Як бачым, не варта ігнараваць голас уласнага сумлення. Лепш аднак слухаць сігналы сумлення перад грахом, чым яго дакоры пасля граху. Сумленне калі і дакарае, то не дзеля таго, каб нам папсаваць настрой, а дзеля таго, каб было прынята мудрае і бяспечнае рашэнне. Калі прыходзіць спакуса зграшыць, сумленне паказвае найлепшы варыянт - не грашыць. Калі ж зграшыў - лепшы варыянт, гэта як мага хутчэй пакаяцца.
Ці трэнірую я сваё сумленне ў дробных справах, каб яно правільна спрацавала ў справах сур’ёзных? Ці не ігнарую папярэджанні ўласнага сумлення? Ці дзякую Богу за тое, што так добра стварыў мяне?
Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 766