25 кастрычніка, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Прыйшоў даць не спакой, але раздзяленне
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ўжо разгарэўся. Хростам павінен Я ахрысціцца і як жа пакутую, пакуль гэта не споўніцца. Думаеце, што Я прыйшоў даць зямлі спакой? Не, кажу вам, не спакой, але раздзяленне. Бо з гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх.
Бацька будзе супраць сына,
і сын супраць бацькі,
маці супраць дачкі,
і дачка супраць маці,
свякроў супраць нявесткі сваёй,
і нявестка супраць свякрові сваёй.
Гэта слова Пана.
Звычайна, калі чуем пра ганенні на хрысціян, гэта асацыюецца з ісламскімі або камуністычнамі краінамі. Аднак нават у еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, здараюцца не менш драматычныя гісторыі з-за веры кагосьці з членаў сям’і. Так бывае, калі адзін жыве святымі сакрамэнтамі, а другі сам не хоча і астатнім дакучае. Здзекі з каштоўнасцяў веры, папрокі за любыя, нават дробныя слабасці - гэта толькі некаторыя з формаў ціску, якім падвяргаюцца хрысціяне.
Падобныя сітуацыі нараджаюць мноства пытанняў. Што рабіць, калі я сам апынуся ў падобнай сітуацыі? Як ў супольнасці можна дапамагчы тым братам і сёстрам, якія пакутуюць ва ўласнай сям’і за вернасць Хрысту? Ці ёсць сэнс ў гэтых пакутах? Можа варта абмежавацца толькі да веры ў падполлі, ніяк не выражаючы яе? На гэтыя пытанні складана даць хуткі і адназначны адказ. На кожную гісторыю трэба нам шукаць адказ напоўнены любоўю і салідарнасцю.
Варта аднак звярнуць ўвагу на пэўны факт. Мучанікі, ў класічным значэнні гэтага слова, гэта значыць тыя, якія пралілі кроў за веру, заўсёды былі ў Касцёле крыніцай натхнення для братоў слабейшых ў веры. Але ж сярод нас, ў нашых парафіях ёсць такія браты і сёстры, якія гадамі незаўважальна пакутуюць за веру і застаюцца вернымі. Напрыклад, жанчына збіраючыся ў нядзелю на Імшу, за кожным разам выслухоўвае мноства праклёнаў, а часамі нават церпіць і фізічны гвалт, але ўсё роўна ідзе. На гэтым фоне неяк недарэчна пачынаюць выглядаць чыесьці смешныя апраўданні або звычайная лянота, абы толькі не пайсці ў касцёл. З гэтай перспектывы лепш відаць сапраўдная цана вернасці Хрысту.
Ці бачу я ў вернацсці Хрысту і Ягонаму слову такую каштоўнасць, дзеля якой мог бы плаціць нават высокую цану варожасці з боку сваякоў?
Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 792