Skip to main content

24 кастрычніка, серада

Каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат

ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 12, 39–48

Каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Ведайце ж, што калі б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, то не спаў бы і не дазволіў бы ўварвацца ў дом свой. Будзьце ж і вы гатовыя, бо ў гадзіну, аб якой не думаеце, прыйдзе Сын Чалавечы.

Тады сказаў Пётр: Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам, ці ўсім людзям?

Пан жа сказаў: Хто ж ёсць верным і разумным эканомам, якога гаспадар паставіў над слугамі сваімі раздаваць ім у свой час меру хлеба? Шчаслівы той слуга, якога гаспадар, калі прыйдзе, знойдзе, што ён так робіць. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй маёмасцю сваёй. Калі ж слуга гэты ў сэрцы сваім скажа: “не хутка прыйдзе гаспадар мой”, – і пачне біць слугаў і служанак, есці, і піць, і ўпівацца, то прыйдзе гаспадар слугі гэтага ў той дзень, калі ён не чакае, і ў гадзіну, аб якой не ведае. І жорстка пакарае яго, і спаткае яго лёс няверных. А той слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не быў гатовы і не рабіў паводле волі яго, будзе моцна пабіты. А той, які не ведаў і зрабіў вартае пакарання, будзе пабіты мала. З кожнага, каму дадзена шмат, і спагнана будзе шмат з яго; і каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Калі Хрыстос расказвае чарговую прыпавесь пра чуванне і трыванне ў гатоўнасці на да Божага суду, Пётр на ўсякі выпадак удакладняае: “Пане, гэтую прыпавесць расказваеш нам, ці ўсім людзям?” З далейшай прыпавесці вынікае, што да Апосталаў будуць асаблівыя падрабаванні, але не толькі да іх.

У прыпавесці пра вернага і нявернага слугу Езус дае Апосталам зразумець, што перш за ўсё яны павінны быць вернымі і прадбачлівымі эканомамі. Менавіта ім Бог даручыў свой народ, каб “раздаваць ім у свой час меру хлеба”, гэта значыць, каб жывілі людзей словам жыцця, якое самі пачулі ад Збаўцы. Гэтае заданне па-ранейшаму выконваюць біскупы на чале з наступцам св. Пятра, Папам рымскім. Але ў шырэйшым сэнсе за апостальства ў свеце адказныя ўсе ахрышчаныя. Безумоўна, адказнасць гэтая, як і спосабы апостальства для кожнага іншая. Амаль кожны дзень сустракаем людзей, якім патрэбна Добрая Навіна пра Хрыста. Аднак не заўсёды яны гатовыя прыняць пропаведзь духавенства, лекцыі высокай тэалогіі ці маральныя павучэнні. Чалавеку, далёкаму ад Касцёла на першы кантакт з Богам неабходна проста пачуць або ўбачыць тое, што Бог ужо зрабіў ў нашым асабістым жыцці. Толькі такім чынам можна чалавеку спадарожнічаць на яго шляху да Хрыста ў слове Евангелля, ў сакрамэнтах і ў супольнасці Касцёла.

“Каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць”. Бог шмат даручыў нам свабоды, аздараўлення, пачуцця сэнсу і надзеі на будучыню. Але ўсе гэтыя даброты дадзеныя не толькі дзеля нас, але і дзеля тых, хто павінен іх у нас убачыць і запрагнуць.

Ці не паддаюся я апраўданню, нібыта вера, гэта выключна мая асабістая справа? Ці ўсведамляю сабе, якія канкрэтна цуды Бог здзейсніў ў маім жыцці? Ці маё апостальства не ператвараецца ў напышлівае чытанне мараляў?

Бр. Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 809