21 кастрычніка, 29 нядзеля звыч. перыяду
ЕВАНГЕЛЛЕ
Сын Чалавечы прыйшоў, каб аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Гэта слова Пана.
У сучасным свецкім грамадстве слова “міністр” асацыюецца з прадстаўніком палітычнай эліты, з чалавекам, які мае немалую ўладу ў дзяржаўных структурах. Аднак чыноўнікі на розных узроўнях досыць часта паддаюцца карупцыі, гэта значыць выкарыстоўваюць дадзеныя ім паўнамоцтвы для рэалізацыі асабістых інтарэсаў. З’ява гэтая, як вядома, зусім не новая. На жаль, карупцыя больш або менш была заўсёды.
Праблему гэтую выразна бачыў калісьці св. Францішак Асізскі. Таму супольнасць сваіх братоў, якая толькі фарміравалася, ён хацеў зберагчы ад гэтай спакусы карупцыі. З тых часоў і да сённяшняга дня ў францішканскіх ордэнах найвышэшы настаяцель называецца “генеральны міністр”, а ў паасобных рэгіёнах настаяцелямі з’яўляюцца “правінцыяльныя міністры”. Св. Францішак, прысвойваючы такі тытул настаяцелям супольнасці, выразна звязваў слова “міністр” з яго першасным значэннем (лац. minister - слуга). Але найбольш Францішку падабалася ў гэтым слове тое, што яно добра выражае Евангелькае, гэта значыць Хрыстова стаўленне да ўлады над братамі.
Вось фрагмент першай Рэгулы св. Францішка: “У імя Пана! Усе браты, пастаўленыя міністрамі ў правінцыях і ў месцах прабывання, няхай размяшчаюць сваіх братоў, няхай часта наведваюць іх, духоўна павучаюць і падбадзёрваюць. І ўсе іншыя браты мае благаславёныя няхай падпарадкоўваюцца ім у тым, што датычыць ратунку душы і не пярэчыць нашаму жыццю. І няхай паступаюць між сабой так, як кажа Пан: “Усё, што хочаце, каб рабілі вамі людзі, і вы ім рабіце (Мц 7,12) а таксама “Чаго не хочаш, каб с табой было, не рабі іншаму”. І няхай памятаюць міністры і слугі, што кажа Пан: “Я не для таго прыйшоў, каб мне служылі, але каб служыць” (Мц 20,28), і што даручана ім апека над душамі братоў, за якія, калі хто загіне па іх віне або з-за дрэннага прыкладу, у дзень суда давядзецца ім даць адказ перад Панам Езусам Хрыстом.” (Regula non bullata. Cap. IV)
Колькі ўва мне прагнення служыць іншым ў духу Езуса Хрыста? Ці не намагаюся я падпарадкаваць уласным амбіцыям членаў сваёй сям’і або супольнасці? Ці гатовы я паслужыць бліжнім, падбадзёрваючы іх словам і ўчынкам?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 862