Skip to main content

19 кастрычніка, пятніца

У вас і валасы ўсе на галаве палічаны

ЕВАНГЕЛЛЕ

 Лк 12, 1–7

«У вас і валасы ўсе на галаве палічаны»

У той час:

Калі сабраліся тысячы людзей, так што цяснілі адзін  аднаго, Езус пачаў гаварыць спачатку вучням сваім: Сцеражыцеся закваскі крывадушнасці фарысейскай. Няма нічога схаванага, што б не выявілася, і патаемнага, пра што б не даведаліся. Таму ўсё, што вы сказалі ў цемры, будзе пачута пры святле, і што сказалі на вуха ў пакоях, будзе абвешчана з дахаў.

Кажу ж вам, маім сябрам: не бойцеся тых, хто забівае цела, а потым не можа нічога больш зрабіць. Я пакажу вам, каго трэба баяцца: бойцеся таго, хто пасля забойства мае ўладу ўкінуць у геену; сапраўды кажу вам, яго бойцеся.

Ці ж не пяць вераб’ёў прадаецца за два асы? І ніводзін з іх не забыты перад Богам. А ў вас і валасы ўсе на галаве палічаны. Не бойцеся: вы даражэйшыя за многіх вераб’ёў.

catholic.by

Існуюць такія віды махлярства, калі хтосьці выдае сябе за таго, кім ў рэчаіснасці не з’яўляецца. Пачынаецца ўсё з выпадковай дробнай хлусні, дзеля таго, каб стварыць добрае ўражанне ці ўратавацца ад непрыемнасцяў. Але далей першы поспех абуджае азарт і махляр штораз глыбей ўкручваецца ў гэтую салодкую гульню, чэрпаючы з яе пэўныя бонусы. У якісьці момант такі “хлестакоў” сам пачынае верыць, што ён “важная персона са сталіцы”. Гэта і становіцца пачаткам канца.

Езус рашуча асцерагае сваіх вучняў, каб не паддаваліся спакусе крывадушнічаць перад даверлівымі слухачамі, як гэта часта рабілі фарысеі. Быць шчырымі перад людзьмі, не прыкідвацца ідэальнымі - гэта павага да слухачоў і бяспека для іх саміх. “Няма нічога схаванага, што б не выявілася, і патаемнага, пра што б не даведаліся”.

Гэты хрыстовы заклік да шчырасці многія па-сапраўднаму святыя людзі (між іншымі св. Павел Апостал, св. Францішак Асізскі ці св. Фаустына Кавальская) выконвалі такім чынам, што без фальшывай сціпласці называлі сябе апошнімі грэшнікамі. Яны сапраўды выразна бачылі і свае грахі, і бясконцую Міласэрнасць Бога. Такім чынам святыя гэтыя застаючыся блізка да грэшнікаў, прыбліжалі ім і Божую Міласэрнасць, чынілі яе даступнай для кожнага.

Ці мая вера ў Бога і вернасць Ягоным запаведзям не становіцца нагодай для самаўзвялічвання перад няверуючымі? Ці мая “святасць” не знеахвочвае слабых грэшнікаў у іх імкненні да Божай Міласэрнасці?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 847