17 кастрычніка, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гора вам фарысеям, і вам, кніжнікам, гора
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Сказаў Пан: Гора вам, фарысеям, што даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд і любоў Божую. І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць. Гора вам, фарысеям, бо любіце першыя месцы ў сінагогах і прывітанні на рынках. Гора вам, бо вы, быццам магілы нябачныя, па якіх ходзяць людзі і не ведаюць гэтага.
У адказ адзін з кніжнікаў сказаў Яму: Настаўнік, кажучы гэта, Ты абражаеш нас. А Ён сказаў: І вам, кніжнікам, гора, бо накладаеце на людзей цяжары нязносныя, хоць самі і адным пальцам не кранаеце гэтых цяжараў.
Гэта слова Пана.
Найважнейшыя жыццёвыя выбары, такія як вера, сужэнства, святарства, манаства ці іншае служэнне, мы робім з любові і дзеля любові. Мы звычайна з вялікім энтузіязмам прымаем рашэнне быць вернымі гэтай любові. Абяцаем, што будзем пра гэтую любоў клапаціцца і развіваць яе ў словах і ўчынках. Аднак праходзяць гады, і першасная руплівасць падвяргаецца выпрабаванню руцінай. На жаль, здараецца і так, што хоць вонкавыя словы і нават дзеянні застаюцца з большага вернымі, аднак у сэрцы збіраюцца крыўды і прэтэнзіі, а на месца вялікадушнасці прыходзіць карыслівасць. Так пачынаецца крызіс.
Хрыстос бачыць, што падобныя працэсы адбываюцца і ў адносінах Абранага Народу з Богам. Рэгулярная дзесяціна з першых пладоў працы была калісьці выразам удзячнасці Богу за Яго дабрыню і апеку, а таксама выразам любові і адданасці Яму. Аднак прайшлі стагоддзі і прыгожыя жэсты любові сталі руцінным абавязкам. У выпадку ж фарысеяў і кніжнікаў, рэлігійныя практыкі сталі для іх яшчэ і нагодай для збірання пустога прэстыжу ў вачах акружэння. Вынікам гэтага крызісу стала крывадушша - гэта калі сэрца ўжо даўно халоднае, а словамі і ўчынкамі прыкідваешся, што па-ранейшаму любіш.
Варта аднак прыгледзецца, што прапануе Хрыстос ў якасці шляху выйсця з гэтага крызісу. “Даеце дзесятую частку з мяты, руты і ўсякай гародніны, і абмінаеце суд [справядлівасць] і любоў Божую. І гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць”. Езус гаворыць жорсткія словы праўды, якія шакіруюць і прычыняюць боль. Аднак такім чынам Ён схіляе не да “разводу” з Богам, а хутчэй да развіцця той першай любові на новым узроўні. Бо далей жыць так, як зараз проста нельга.
Колькі любові ў маіх рэлігійных практыках? Ці дазваляю я Божаму слову абуджаць мяне з руціны ў адносінах з Богам і людзьмі? Ці аднаўляю я час ад часу дадзеныя калісьці абяцанні?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.
- Праглядаў: 728