15 кастрычніка, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Гэтаму пакаленню не будзе дадзена знаку, апроч знаку Ёны
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Калі стаў збірацца народ, Езус пачаў гаварыць: Пакаленне гэтае — нягоднае пакаленне, яно шукае знаку, і не будзе дадзена яму знаку, апроч знаку Ёны. Бо, як Ёна стаў знакам для нінівіцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для гэтага пакалення. Каралева Поўдня ўстане на судзе з людзьмі гэтага пакалення і асудзіць іх, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасць Саламонаву, а вось тут нешта большае за Саламона. Людзі з Нінівы ўстануць на судзе з гэтым пакаленнем і асудзяць яго, бо яны раскаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а вось тут нешта большае за Ёну.
Гэта слова Пана.
Ахвотна слухаем добра падрыхтаваныя публічныя прамовы - лекцыі, палітычныя абяцанні, эфектныя выказванні відэаблогераў і, вядома ж, пропаведзі. Безумоўна, слухаць прамоўцу, які гаворыць з запалам, харызматычна і з глыбокім перакананнем ў важнасці таго, пра што гаворыць - гэта заўсёды цікавей і лягчэй. Але ж бываюць і такія прамовы, змест якіх настолькі сур’ёзны, што форма ўжо не важная. Слухач проста ведае, што тут неабходна быць уважлівым.
Праз старажытны язычніцкі горад Нініва праходзіць прарок Ёна. Стомленым голасам, без асаблівага энтузіязму Ёна папярэджвае мясцовых жыхароў, што калі не пакаюцца, праз сорак дзён іх горад будзе знішчаны. Наўрад ці былі ў нінівіцян прэтэнзіі да Ёны, што гаворыць ён неяк не досыць красамоўна. Яны слухалі ўважліва, выконвалі рупліва і былі ўратаваныя ад згубы дзякуючы нязграбным словам прарока.
Хрыстос засмучаны, што яго слухачы шукаюць нейкага асаблівага знаку, свайго роду “вау-эфекту”, а не слухаюць пра сутнасць Яго абвяшчэння. Хоць Езус у сваёй дзейнасці многа разоў чыніў знакі і цуды, аднак не дазваляў бачыць гэтыя звышнатуральныя з’явы пустым калекцыянерам сенсацый. Божыя Цуды адбываюцца толькі там, дзе чалавек шчыра шукае самога Бога і ратунку, які толькі ў Богу і магчымы. Таму Хрыстос прадвяшчае, што гэтаму нягоднаму пакаленню будзе дадзены толькі знак Ёны - не вельмі прывабная, нават часамі дурнаватая пропаведзь. “Паколькі свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў мудрасці Божай, спадабалася Богу праз глупства прапаведавання збавіць веруючых” (1Кар 1, 21).
Ці маё жыццё ў Касцёле не ператвараецца ў пагоню за рэлігійнымі сенсацыямі (прыватныя аб’яўленні, харызматычныя прапаведнікі, экзарцызмы)? Ці ўмею я ў слуханні прапаведвання пераадольваць цяжкасці формы, каб засвоіць змест? Ці веру я ў моц простага прапаведвання ў маёй роднай парафіі?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 812