8 кастрычніка, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто мой бліжні?
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Езуса, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае? Езус адказаў яму: У Законе што напісана? Як чытаеш?
Той сказаў у адказ: Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім розумам тваім; і бліжняга свайго, як самога сябе. Езус сказаў яму: Слушна ты адказаў. Так рабі і будзеш жыць.
Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: А хто мой бліжні?
Адказваючы на гэта, Езус сказаў: Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога. Выпадкова нейкі святар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма. Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма. А нейкі самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы, злітаваўся. Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. Пасадзіў яго на сваю жывёлу, прывёз у заезд і паклапаціўся пра яго. А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: Паклапаціся пра яго. І як патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся. Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойніка?
Ён сказаў: Той, хто паступіў з ім міласэрна. Тады Езус сказаў яму: Ідзі і ты рабі таксама.
Гэта слова Пана.
Чуем, што ў Пасланні да Галатаў св. Павел гатовы праклясці тых хрысціянаў, якія памылкова вучаць галатаў аб тым, што для збаўлення неабходна прыняць абразанне і выконваць габрэйскія наказы, якіх бало болш за шэсьцьсот. Бо гэта азначала б, што не Сын Божы збавіў нас ад граху Сваёй смерцю і ўваскрасенннем, а выкананне шматлікіх абрадаў і знакаў, якія напісалі людзі. Варта ведаць, што шэсьцьсот трынаццаць габрэйскіх наказаў, напісаных рознымі габрэйскімі мудрацамі на працягу стагоддзяў – гэта інтэрпрэтацыя дзесяці божых запаведзяў, дадзеных Майсею на гары Сінай.
З цягам часу парады мудрацоў сталіся Законам, а іх колькасць вырасла настолькі, што народ абраны за спісам правілаў не бачыў ужо жывую асобу Бога. Такім чынам, вера ператварылася ў набор інструкцый, а малітва ў інтэлектуальны акт. Таму Езус так шмат крытыкаваў фарысеяў і кніжнікаў, якія ўскладалі на народ непасільны цяжар (Лк. 11,45-47), робячы веруючых нявольнікамі закону (Лк. 13,10-17), а самі з дапамогай спрытных інтэрпрэтацый адважваліся ўхіляцца ад выканання нават Божых запаведзяў (Мк. 7, 1-13).
Цяпер становіцца зразумелай рэакцыя св. Апостала Паўла, які даведваецца пра тое, што фальшывыя настаўнікі спрабуюць ускласці гэты цяжар таксама на хрысціян з Галатыі, тым самым аддаляючы іх ад Божай ласкі і робячы нявольнікамі людскіх традыцый.
Што мною кіруе больш: пачуцце абавязку ці пачуцце любові да Бога і бліжняга?
Брат Аляксандр Астраушка OFMCap, Беларусь.
- Праглядаў: 763