Skip to main content

4 кастрычніка, чацвер

Добрую Навіну

 ЕВАНГЕЛЛЕ

Лк 10, 1–12

На ім спачне ваш спакой 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.

У той час:

Прызначыў Пан іншых семдзесят двух вучняў і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам хацеў ісці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала, таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё. 

Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні машны, ні торбы, ні сандаляў, і ў дарозе нікога не вітайце. У які дом увойдзеце, спачатку кажыце: Спакой гэтаму дому! І калі будзе там сын спакою, то на ім спачне ваш спакой. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ў іх ёсць, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 

І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. І аздараўляйце ў ім хворых, і кажыце ім: Наблізілася да вас Валадарства Божае. Калі прыйдзеце ў які горад, і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце: Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае. Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лепш, чым гораду таму.  

Гэта слова Пана.

catholic.by

Факт прысутнасці ў свеце мноства людзей параненых і стомленых грахом ці абцяжараных разнастайнымі формамі несправядлівасці можа стаць прычынай смутку. Безліч асабістых і грамадскіх праблем можа выклікаць нават пачуццё бяссілля. Аднак Хрыстос глядзіць на свет не як на якоесьці стыхійнае бедства, а як на палетак спелага збожжа са шчодрым ураджаем. Таму ня варта паддавацца роспачы, трэба проста закасаць рукавы і жаць столькі, колькі здолеем агарнуць сваімі сярпамі. Хрыстос высылае сваіх работнікаў абвяшчаць Добрую Навіну менавіта таму, што бачыць свет стомлены дрэннымі навінамі. Людзям неабходна даведацца і паверыць у перамогу дабра над злом, жыцця над смерцю.

Хрыстова пасланне датычыць не толькі ягоных найбліжэйшых дванаццаці апосталаў, але і сямідзесяці двух іншых вучняў. Гэтая асаблівасць чарговы раз нагадвае аб неабходнасці пераадолення ў Касцёле нездаровага клерыкалізму. Хрысціяне, гледзячы на свет, ў якім яшчэ столькі людзей прагне чуць Евангелле, не могуць гэтую місію перакладаць  ўвесь час толькі на святароў, манахаў і манахінь. Свецкія хрысціяне могуць часта дайсці з добрым словам і сведчаннем ў такія куткі грамадства, куды святар нават не мае доступу.

Трэба падкрэсліць, што Езус перад пасланнем і апосталаў, і вучняў дае ім свой іструктаж. Гэта неабходна, каб зберагчы работнікаў ад панікі, калі ўбачаць маштабы і ўмовы працы. Ад гэтага, ў сваю чаргу залежыць і эфектыўнасць жніва. Таму не залежна ад месца, якое займаем у Касцёле, слуханне Ягонага слова павінна рыхтаваць да любой справы.

Як я ацэньваю свет вакол мяне – толькі як хаос і беззаконні ці таксама як перспетыву Божага ўраджаю? Ці не пазбягаю місіі, якую Бог даручае менавіта мне? Ці не спрабую рабіць свет лепшым паводле ўласнага праекту, не слухаючы слова Хрыста?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 715