20 верасня, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Адзін з фарысеяў запрасіў Езуса паесці з ім. І ўвайшоўшы ў дом фарысея, Ён узлёг за сталом. І вось, жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, даведаўшыся, што Ён узлёг за сталом у доме фарысея, прынесла алебастравы флакон пахучага алею і, стоячы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя слязьмі і валасамі сваёй галавы выцірала і цалавала ногі Яму, і намашчвала пахучым алеем.
Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: Калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто гэта жанчына, якая дакранаецца да Яго, што яна грэшніца.
І Езус сказаў яму ў адказ: Сымон, Я хачу нешта сказаць табе.
Ён жа кажа: Скажы, Настаўнік.
У аднаго крэдытора былі два даўжнікі. Адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі – пяцьдзесят. Паколькі не мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык хто з іх больш палюбіць яго?
Сымон адказаў: Думаю, той, каму больш даравана.
Ён сказаў яму: Ты правільна разважыў.
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: Бачыш гэтую жанчыну? Я прыйшоў у твой дом, і ты не даў Мне вады для ног, а яна слязьмі абліла Мае ногі і выцерла сваімі валасамі. Ты пацалунку Мне не даў, а яна з той хвіліны, калі Я прыйшоў, няспынна цалуе Мне ногі. Ты галавы Мне алеем не намасціў, а яна пахучым алеем намасціла Мне ногі. Дзеля гэтага кажу табе: Даруюцца ёй грахі многія за тое, што яна вельмі палюбіла. А каму мала даруецца, той мала любіць.
А ёй сказаў: Даруюцца табе грахі.
І тыя, хто сядзеў за сталом разам з Ім, пачалі казаць самі сабе: Хто Ён такі, што нават грахі даруе?
А Ён сказаў жанчыне: Вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі.
Гэта слова Пана.
Сёння ў св. Евангеллі паводле Лукі, будзем разважаць пра міласэрнасць Езуса. Пра тое, што кожны чалавек мае час, каб перагледзець сваё жыццё і свае ўчынкі: што ён робіць не так і, разам з тым, мае магчымасць навяртання да Пана Бога. Езус міласэрны, Ён любіць усіх і мы ўсе дзеці Божыя, асабліва прымае тых, хто рашыў перамяніць сваё жыццё, хто зразумеў, што ішоў не тым шляхам, хто хоча навяртацца да Пана Бога са шчырым сэрцам і адкрытай душой.
Хто са слязьмі просіць прабачэння за свае грахі і больш не хоча грашыць, а хоча ступіць на новы шлях, пачаць жыць па-новаму, па Божым Запаведзям, з Божай ласкай і пад Яго апекай? Як тая жанчына, якая паверыла і пайшла за Езусам. А Ён прабачыў усе грахі. Гэта, значыць тое, што Езус Хрыстус любіць усіх і ўсе мы для Яго роўныя: багатыя і бедныя, малыя і дарослыя, маладыя і старэйшыя. Пан адорвае нас усіх аднолькава: і сваёй ласкай, і любоўю, і сваёй цярплівасцю.
Ці веру я ў Езуса так, як гэтая жанчына? Ці ўмею прабачаць тых, хто мяне пакрыўдзіў? Ці люблю я Пана так, як тая жанчына, якая не пашкадавала сваіх валасоў, якімі выцірала ногі Збавіцеля?
Брат Андрэй Зуй OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1079