12 верасня, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Шчаслівыя ўбогія. Гора вам, багатыя
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
У той час:
Езус узняў вочы свае на вучняў сваіх і сказаў:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.
Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі, і калі адрынуць вас, і будуць зневажаць, і з-за Сына Чалавечага адкінуць імя вашае, як зло. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода ваша ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне. Гора вам, якія цяпер сытыя, бо галадаць будзеце. Гора вам, якія цяпер смеяцеся, бо смуткаваць і плакаць будзеце. Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас, бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Гэта слова Пана.
Шчаслівыя ўбогія, шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, плачаце, шчаслівыя вы, калі вас зненавідзяць людзі і адкінуць вас. Можа стварыцца ўражанне, што Езус гаворыць абсурдныя рэчы. Нам часамі здаецца, што галоўнае ў жыцці гэта мець грошы, каб усяго хапала, каб быць незалежным.
Як можна быць шчаслівым нічога не маючы, плачучы, будучы галодным і ўсімі адкінутым? Сучасны свет і яго ідэі маюць сваё паняцце шчасця, якое можа нас падманваць. Ты шчаслівы толькі тады, калі маеш многа грошай, калі зрабіў кар'еру, калі ты маеш уладу. І мы імкнемся дасягнуць усяго гэтага і маем задавальненне толькі на якісьці час. Ці шчасце - гэта часовае задавальненне? Якое шчасце мае на ўвазе Езус у Евангеллі? У гэтым Слове схавана таямніца сапраўднага шчасця кожнага чалавека. Гэтым шчасцем з’яўляецца святасць, да якой пакліканы кожны чалавек. Жыццё з Богам і ўзаемаадносіны Ім могуць даць нам праўдзівы супакой.
Гэта свядомасць таго, што твой план на жыццё - гэта спаўненне Божай волі. Гэта калі адчуваеш свой голад, які насыціць можа толькі Бог сваёй прысутнасцю ў небе. Гэта, калі плачаш ад жалю над сваім грахом і ўсяго свету. Гэта калі робішся ўсё больш падобным да Хрыста.
Якога шчасця шукаеш ты? Ці шукаеш волі Божай ў сваім жыцці? Ці імкнешся да жыцця вечнага?
Сястра Аліна Скапец SCSC, Польшча
- Праглядаў: 1530