23 жніўня, чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Усіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Адказваючы, Езус зноў расказаў прыпавесць першасвятарам і старэйшынам народа: Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго. Ён паслаў слугаў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але яны не хацелі прыйсці.
Зноў паслаў іншых слугаў, кажучы: Скажыце запрошаным: вось я прыгатаваў гасціну маю, зарэзаны валы мае і адкормлена жыўнасць, і ўсё падрыхтавана. Прыходзьце на вяселле!
Але яны пагардзілі і адышлі: хто на сваё поле, а хто на свой гандаль. Астатнія ж, схапіўшы слугаў ягоных, зняважылі і забілі іх.
Кароль жа раззлаваўся і, паслаўшы войска сваё, знішчыў забойцаў гэтых і падпаліў іхні горад.
Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатова, але запрошаныя не былі годнымі. Таму пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле. I слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі: і кепскіх, і добрых. І напоўнілася вяселле гасцямі.
Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, не апранутага ў вясельную вопратку, і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі? Ён прамаўчаў. Тады кароль сказаў слугам: Звяжыце яму ногі і рукі, і выкіньце яго вон, у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Бо шмат пакліканых, але мала выбраных.
Гэта слова Пана.
Пошукі “карэктных” адгаворак – гэта для некаторых адзіны спосаб не пайсці ў госці да таго, для каго шкада часу ці зычлівасці. Праблема тут не ў занятасці, а ва ўнутраным перакананні, што нібыта гаспадар і іншыя ягоныя госці нудныя, а знаёмства з імі не прынясе ніякай выгады. На такім фоне Хрыстос расказвае першасвятарам і старэйшынам народа прыпавесць пра Валадарства Нябеснае, гэта значыць пра адносіны чалавека з Богам. Сёння падобным чынам многія людзі думаюць, што Бог з Ягоным Касцёлам і Яго запаведзямі – гэта дастаткова нудная імпрэза, на якую шкада каштоўнага часу.
Падобную з’яву прарок Эзэхіэль бычыў калісці ў адносінах паміж народам Ізраэля і Богам. Божы Закон габрэі выконвалі, але ў пэўны момант гэта стала для іх пэўнай аўтаматычнай павіннасцю. Яны распрацавалі цэлую сістэму юрыдычных апраўданняў, якія б дазволілі пры пэўных умовах прынамсі некаторыя законы абыходзіць. Далей яны апаганіліся ідаласлужэннямі, што ўрэшце рэшт прывяло да скамянеласці сэрца, і закон ужо не ўспрымаўся як запрашэнне Бога да асабістых адносін з Ім. Таму Бог праз прарока прадвяшчае: “Акраплю вас вадою чыстаю, і будзеце ачышчаны ад усяго бруду вашага, і ад усіх ідалаў вашых Я ачышчу вас. І дам вам сэрца новае і дух новы ў нутро вашае, і забяру сэрца каменнае з цела вашага, і дам вам сэрца з плоці. І дух Мой удыхну ў нутро вашае, і зраблю так, што вы будзеце хадзіць у Законе Маім, захоўваць пастановы Мае і выконваць іх”.
Такім чынам Бог мае намер стварыць такі прынцыпова новы Ізраэль. Гэта будуць людзі, якія ўжо не шукаюць апраўданняў, як бы гэта адмовіцца ад “нуднага” запрашэння, а ўсім сваім новым сэрцам радасна прымаюць яго. Гэтае прыняцце ўжо будзе не з павіннасці, а з пераканання.
Ці не праяўляюцца ў мяне сімптомы “скамянеласці сэрца”, напрыклад пошукі адгаворак ад Божых запрашэнняў? Якія акалічнасці дапамагаюць мне маліцца і ўдзельнічаць у Эўхарыстыі вялікадушна, шчодрым сэрцам?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 830