Skip to main content

19 жніўня, 20 нядзеля звычайнага перыяду

Хлеб жывы, які сышоў з неба

ЕВАНГЕЛЛЕ

Ян 6, 51–58

Хлеб жывы, які сышоў з неба

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Езус сказаў народу: Я хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе есці хлеб гэты, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, гэта цела Маё дзеля жыцця свету.

Юдэі спрачаліся паміж сабою, кажучы: Як Ён можа даць нам есці сваё цела?

Езус сказаў ім: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Гэта сказаў Ён у сінагозе, калі навучаў у Кафарнауме.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Божая мудрасць цяжка паддаецца апісанню з дапамогай слоў, бо яна неспасцігальная і прынцыпова іншая ў параўнанні з мудрасцю чалавечай. Аднак спрабуючы выразіць невыражальнае аўтар кнігі Прыпавесцяў Саламона прымяняе своеасаблівы літаратурны прыём – ён абстрактную для чалавека мудрасць Бога паказвае ў вобразе асобы гасціннай гаспадыні. Гэта напэўна досыць трапны вобраз, аднак усё роўна не поўны, і недастатак гэты можа дапоўніць толькі Евангелле, якое тут і цяпер спаўняецца.

Паміж алегорыяй пра мудрасць і запрашэннем Хрыста спажываць Яго Цела і піць Яго Кроў існуе непасрэдная сувязь, як паміж прадвяшчэннем і спаўненнем. Там “мудрасць збудавала дом свой і вычасала сем калонаў яго”, а тут Хрыстус будуе свой Касцёл і падтрымлівае Яго жыццё даючы свае Святыя Сакрамэнты. Там мудрасць запрасіла неразумнага прыйсці і есці прыгатаваныя хлеб, мяса і віно, якое змяшала, а тут Хрыстос дае Сябе, уцелаўлёнага ў Эўхарыстыі. Абстрактнае становіцца рэальным, невыражальная Божая мудрасць аб'яўляецца ўжо не алегорыяй, а жывой асобай Хрыста. Між іншым дзеля гэтага “Слова сталася целам” - каб аб’явіць тое, што словамі выразіць не магчыма. (гл. Ян 1,14)

Вобраз дому мудрасці і прыгатаванай гасціны раней не быў дастаткова зразумелы, пакуль не аб’явіўся Хрыстовы Касцёл і Эўхарыстыя. Але можа таксама вобраз Касцёла і Эўхарыстыі мы цяпер яшчэ не дастаткова разумеем? Каштоўнасць Святых Таямніцаў, ў якіх удзельнічаем “сёння” напэўна канчаткова адкрыеецца толькі  “заўтра”, калі ўбачым тое, што яны прадвяшчалі (Ап 19,7нн).

Колькі ўва мне руплівасці каб заўважыць мудрасць ў Богу? Наколькі моцна я зацікаўлены ў тым, каб чэрпаць з гэтай мудрасці? Дзе я сёння знаходжуся, бліжэй да дурной самаўпэўненасці бязбожнікаў ці бліжэй да мудрасці жыцця ў Богу? Ці заўсёды памятаю падчас Эўхарыстыі, ў якой вялікай справе ўдзельнічаю?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 740