14 жніўня, аўторак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У тую гадзіну вучні падышлі да Езуса, кажучы: Дык хто ж большы ў Валадарстве Нябесным? Тады Езус паклікаў дзіця і паставіў яго сярод іх, кажучы: Сапраўды кажу вам: калі не навернецеся і не станеце як дзеці, не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае. Таму кожны, хто прынізіць сябе, як дзіця гэтае, той будзе большым у Валадарстве Нябесным. І калі хто прымае адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае.
Глядзіце, не пагарджайце ніводным з гэтых малых, бо кажу вам, што Анёлы іхнія ў небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго, які ёсць у нябёсах.
Езус сказаў сваім вучням: Як вы думаеце? Калі ў нейкага чалавека было сто авечак, і адна з іх заблукала, ці не пакіне ён дзевяноста дзевяць у гарах і не пойдзе шукаць тую, што заблукала? Калі ж удасца знайсці яе, сапраўды кажу вам, ён радуецца ёй больш, чым дзевяноста дзевяці, якія не заблукалі.
Гэтак няма волі вашага Айца, які ў нябёсах, каб загінуў адзін з гэтых малых.
Гэта слова Пана.
Нярэдка бывае, што нам зусім не хочацца адкрываць Пісанне, чытаць Евангелле, маліцца словамі псальмаў. Калі ў нашае жыццё прыходзяць выпрабаванні ды пустка, здаецца недарэчным зварот да Бібліі, альбо проста на тое нестае нам сіл і жадання. Аднак варта гэта рабіць! Асабліва ў такія хвіліны варта звяртацца да святога тэксту. Бо ў ім гаворыць да нас і з намі жывы Бог. Яму неабыякава тое, што мы перажываем, што думаем і адчуваем. Праз сваё Слова можа Ён невыказным чынам нас суцешыць, суняць цярпенне, пачаць дзейнічаць.
Кажа аб гэтым сёння першае чытанне з кнігі Эзэхіэля. Пан заклікае: “Ты, Сыне Чалавечы, слухай, што Я кажу табе: не бунтуйся... насыць сваё нутро скруткам, што Я даю табе”. Нават насуперак неахвоце і падаўленасці, можам паспрабаваць слухаць Слова. І гэты высілак найбольш будзе Пану даспадобы. Мы мяркуем, што Слова нічога не зменіць або яшчэ пагоршыць, паглыбіць смутак і боль. Але адбываецца адваротнае – цуд перамянення, які Пан здзяйсняе з дапамогай Слова: “І я з’еў яго, і ў вуснах маіх ён быў салодкі, як мёд”. Пан сам выводзіць з цемры, падымае нас і выцірае нашы слёзы. Горыч і ўнутранае галашэнне ператвараюцца ў радасць, захапленне, слодыч. Толькі ў Ім ёсць сапраўдная слодыч, Госпад – адзіная падтрымка і моц.
Як я перажываю цяжкасці на дарозе веры? Ці запрашаю ў іх Пана і Яго Слова? Альбо, можа, замыкаюся ў сабе? Ці шукаю Бога і стараюся слухаць, што Ён гаворыць мне ў кожны момант, асабліва падчас жыццёвых нягод?
Брат Вадзім Войцік OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 755