Skip to main content

31 ліпеня, аўторак

да жніва

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 36–43

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Калі Езус, адпусціўшы народ, увайшоў у дом, падышлі да Яго вучні Яго і сказалі:  Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі. Ён жа сказаў ім у адказ: Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы. Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога; вораг, які пасеяў іх, — гэта злы дух; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта Анёлы.

Таму, калі збіраюць каласоўнік, агнём паляць; так будзе пры сканчэнні гэтага свету. Пашле Сын Чалавечы Анёлаў  сваіх,  і  збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто робіць беззаконне. I ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгатанне зубоў. Тады   праведнікі заззяюць, як сонца, у валадарстве Айца іх. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Касцёле шмат гаворыцца пра Божую Міласэрнасць і прабачэнне. Вядома, гэта адзін з найбольшых скарбаў, які Бог дае чалавеку. Аднак можа скласціся памылковае ўражанне, нібыта пекла не існуе, а Бог прабачыць усім і ўсё. З іншага боку многія з нас шукаюць таксама адказу на пытанне: як спалучаецца Божая Міласэрнасць з Яго справядлівасцю? Гэта асабліва актуальна ў кантэксце агрэсіўнага зла, якое намагаецца знішчыць Божы свет, або прынамсці неяк яго пакалечыць.

Сённяшнія словы Езуса даюць святло на гэтыя супярэчлівасці. Час і прастору, ў якіх мы зараз жывем, Хрыстос параўноўвае да працэсу сяўбы, узрастання збожжа побач з пустазеллем і нарэшце жніва, як міласэрнага суду падчас сканчэння свету. Ва ўсім гэтым працэсе па-ранейшаму галоўную ролю грае Сын Чалавечы. Гэта Ён дае ўсё неабходнае, каб мы станавіліся сынамі Валадарства, праведнікамі. Божая дабрыня ад самага пачатку сее ў свеце слова міласэрнасці, з якога могуць сфарміравацца сыны Валадарства.

Свет, у якім жывем – гэта месца, дзе побач суіснуюць дабро і зло, але гэта часова. Канчатковае Божае Валадарства будзе поўнасцю свабодным ад зла. Бог не згаджаецца на вечнае існаванне зла. Падобным чынам як збожжа збіраецца і захоўваецца ў засеках гаспадара, а пустазелле спальваецца, так і праведнікі будуць жыць вечна, а зло назаўсёды знікне. Таму час у якім жывем – гэта час на тое, каб выбіраць, чыімі сынамі станем.

Наколькі я цаню слова, якое Бог мне дае ў Касцёле? Ці не марную жыццё на пустыя рэчы, якія не чыняць мяне сынам Валадарства?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 768