Skip to main content

30 ліпеня, панядзелак

Зерне гарчычнае становіцца дрэвам,

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 31–35

Зерне гарчычнае становіцца  дрэвам, так  што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус расказаў народу такую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да зерня гарчычнага, якое узяў чалавек і пасеяў на полі сваім. Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца  дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго. 

Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць: Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, пакуль не скісла ўсё. Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не гаварыў ім, каб збылося сказанае прарокам, які кажа: адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае, раскажу ўтоенае ад стварэння свету.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Жыццё многіх сучасных хрысціян, як і ўсіх людзей складаецца з мноства падзей і сустрэч, радасных і сумных перажыванняў, набыткаў і страт. Сярод гэтай разнастайнасці, вера для многіх становіцца ўсяго толькі эпізодам, прычым далёка не самым значным. Вера, з яе рэлігійнымі практыкамі, часта становіцца пэўнай перыферычнай з’явай сярод імкненняў чалавека да шчасця, быццам некалькі грамаў прыправы сярод шматлікіх інгрыдыентаў у сноўнай страве.

Езус прапануе зусім іншы падыход да веры і яе развіцця, якое акрэслівае як рост Валадарства Нябеснага. У евангельскіх метафарах бачым як маленькае гарчычнае зерне, становіцца найбольшым дрэвам у садзе, а закваска мяняе ўсе тры меры мукі ў цесце. Пры нармальным развіцці вера толькі пачаткова з’яўляецца ў жыцці чалавека чымсьці маленькім і слабым. Калі ж яна па-сапраўднаму ўзрастае, становіцца ўжо не дадаткам да жыцця, а самім жыццём. І гэта не якісьці рэлігійны фанатызм, а нармальны здаровы працэс, калі чалавек зыходзячы з меркаванняў веры штораз больш вызначае жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці. Веруючы чалавек намагаецца так уладкаваць сабе жыццё, каб яно станавілася штораз больш спрыяльнай прасторай зносін з Богам.

Ці не паддаюся я спакусе выцясніць справы Божага Валадарства кудысьці на ўскраіны свайго жыцця? Наколькі мае зносіны з Богам развіваюцца? Як мая вера ўплывае на мой светапогляд, на фарміаванне іерархіі каштоўнасцяў, на выбар спадарожнікаў жыцця?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 682