Skip to main content

28 ліпеня, субота

Пакіньце расці разам тое і другое да жніва

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 13, 24–30

Пакіньце расці  разам тое і другое да жніва

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус прапанаваў людзям іншую прыпавесць, кажучы: 

Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік і сышоў. Калі ж збажына прарасла і дала плод, тады з’явіўся таксама каласоўнік. 

І прыйшлі слугі гаспадара дому, і сказалі яму: Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на полі сваім? Адкуль жа на ім каласоўнік? Ён адказаў ім: Вораг зрабіў гэта. Тады слугі сказалі яму: Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго? Але ён сказаў: Не. Бо, выбіраючы каласоўнік, вы можаце павырываць разам з ім і пшаніцу. Пакіньце да жніва расці  разам тое і другое. А ў час жніва я скажу жняцам: Збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў гумно маё. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Чарговая прыпавесць Езуса датычыць справы канца свету. Аднак галоўнай тэмай тут з’яўлецца паспешлівасць ды павярхоўнасць у распазнаванні і ацэнцы людскіх жыццёвых пазіцый. Пан Езус асцерагае нас перад заўчасным асуджэннем каго-небудзь яшчэ перад канцом свету, каб мы да нікога з людзей не ставіліся як да паразітаў, якіх належыць вынішчыць. Многія навярнуліся, і толькі таму вялі жыццё мілае Богу, што Ён не спаслаў кару за грэх, а цярпліва чакаў гэтага навяртання. Калі б адразу спасылаў сваю кару за грахі, то пекла было б перапоўнена людзьмі, а ў неба засталося б бязлюдным. Адаму і Еве Бог дае час на пакуту. Каіну пасля забойства брата Бог прабачыў і пазначыў яго знакам, каб ніхто не забіў яго. Давіда пасля граху з Батшэбай намагаецца схіліць да пакуты і навяртання. А навяртаннем Марыі Магдалены Езус радуецца як знойдзенай авечкай, нават больш чым 99 праведнымі, якім не патрэбна навяртанне. Паўлу Езус цудоўным чынам аб’яўляецца пасля забойства Стэфана. Бог выбраў час і месца навяртання гэтага забойцы, каб зрабіць яго пазней вялікім апосталам народаў. Паводле чалавечых стандартаў ніхто з іх не заслугоўваў прабачэння. Толькі Божая Міласэрнасць можа прабачыць грэшніку і стварыць для яго новую гісторыю жыцця.

Ці не асуджаеш іншых людзей ацэньваючы іх? Ці застаешся міласэрным ацэньваючы іншых? Ці намагаешся прабачаць крыўдзіцелям? Ці прагнеш дапамагчы чалавеку, бачучы яго патрэбы?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 734