Skip to main content

24 ліпеня, аўторак

браты капуцыны

Мц 12, 46–50

«Працягнуўшы руку сваю да вучняў, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае»

У той час:

Калі Езус прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім. І нехта сказаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць і хочуць пагаварыць з Табою.

Ён жа адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: Хто маці Мая і хто браты Мае? І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо кожны, хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці.

Людзі яднаюцца ў розныя групы дзеля нейкай супольнай мэты, карысці ці ідэяў, якім служаць. Такім чынам яднаюцца, напрыклад, аматары Зорных войнаў, старых аўтамабіляў, ваеннай тэхнікі, прыхільнікі палітычных партый. Сёння ў Евангеллі таксама чуем пра сход сабраных разам людзей. Гэты натоўп утварае сабой супольнасць, якая слухае Езуса. Пачуўшы, што Маці і браты хочуць паразмаўляць, Пан адказвае: “Хто выконвае волю Айца Майго, які ёсць у небе, той Мне брат, і сястра, і маці”.

Няўжо Езус у гэтых словах аддае перавагу духоўнай роднасці, перастаўляючы на далейшы план роднасць крыві? Ён як быццам бы хацеў сказаць, што духоўныя повязі больш каштоўныя, чым повязі кроўныя. Насамрэч, гэта толькі вонкавае ўражанне. Гаворачы пра духоўную роднасць, Езус не змяншае пры гэтым важнасці сямейных адносін. Духоўныя повязі павінны дапоўніць натуральныя сямейныя адносіны, утвараючы з іх новую якасць і новую вартасць, якая асноўваецца ўжо не на аўтарытэце бацькоў, а на аўтарытэце Езуса – Месіі і Збаўцы. Такім чынам сям’я становіцца супольнасцю збаўлення, калі яе члены выконваюць Божую волю і тады становяцца адно другому братамі і сёстрамі ў Хрысце, а таксама братамі і сёстрамі Езуса, духоўнай сям’ёй Езуса.

Ці злучана твая сям’я такімі повязямі з Езусам? Ці молішся са сваёй сям’ёй? Ці бачыш патрэбу ўтварэння і развіцця духоўных повязяў у сям’і? Ці верыш у моц Сакрамэнту сужэнства, як фундаменту трываласці сям’і?

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 774