23 ліпеня, панядзелак. Свята св. Брыгіты, манахіні, апякункі Еўропы
ЕВАНГЕЛЛЕ
Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён
+ Чытанне cвятога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.
Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.
Гэта слова Пана.
Евангелле гаворыць пра духоўную поўню, пра трыванне ў Божай любові, пра плоданашэнне Божаю ласкай. Гаворыць таксама пра штосьці адваротнае, пра духоўнае засыханне, адпадзенне ад Бога з-за граху і пра вечны агонь для асуджаных. Трагедыяй нашых дзён з’яўляецца тое, што жыхары Еўропы масава выбіраюць другую з гэтых магчымасцяў, жывучы ў стане граху. Становішча дадаткова ўскладняецца культурнымі зменамі, звязанымі з наплывам мігрантаў з ісламскіх краін.
Апякунка сённяшняга дня, святая Брыгіта (1303-1373), часта асцерагала крыжакаў, якія на той час былі на вяршыні сваёй мілітарнай і палітычнай магутнасці. Яны дэкларавалі, нібыта з’яўляюцца абаронцамі Касцёла, але насамрэч сваімі беззаконнямі кампрамітавалі Бога і Касцёл. Таму Брыгіта прадбачыла іх поўнае знішчэнне. Крыжакі аднак не пераставалі парушаць манаскую рэгулу, мананаскія шлюбы і Божыя запаведзі. Не магчыма без наступстваў адыходзіць ад Бога ў грэх, бо пазней не кожны хоча або можа да Бога вярнуцца. У які бок дрэва хіліцца, ў той і ўпадзе. Крыжакі дайшлі да ўпадку ў 1525 годзе, калі тыя манахі-рыцары здзейснілі адступніцтва ад каталіцкай веры, пераходзячы ў менш патрабавальны пратэстантызм, які больш падыходзіў скрыўленым грахом сумленням.
Ці ты не адразаешся ад Бога праз грэх? Ці імкнешся адразу пасля граху да ачышчэння сэрца? Ці можа трываеш у Божай ласцы, духоўным супакоі і радасці? Ці молішся аб навяртанні грэшнікаў? Ці просіш у Бога дапамогі ў навяртанні ўласнага сэрца?
Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча
- Праглядаў: 966