Skip to main content

22 ліпеня. 16 нядзеля звычайнага перыяду

Яны былі як авечкі без пастыра

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 6, 30–34

Яны былі як авечкі без пастыра

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. І Ён сказаў ім: Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. І адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.

І ўбачылі, што яны адплылі. І шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. І пачаў іх вучыць многаму. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Наколькі вялікім можа быць прагненне слухаць Божае слова? Вялізнае. Усё можа перастаць быць важным: рэчы, справы, людзі. Такі голад зведалі слухачы Езуса. Яны бачылі цуды і знакі Хрыста, таму прыходзяць да Яго і Ягоных апосталаў, бо адчуваюць у іх магутнае дзеянне Бога. Толькі сэрца, якое знаходзіцца блізка да Бога, хоча слухаць Божыя словы, зведваць моц Ягонай любові. Такі голад можа абудзіць у чалавеку толькі Бог, і толькі Ён можа гэты голад заспакоіць. Той, хто слухае Божае слова, атрымлівае пажыўленне для душы. Той, хто хоць аднойчы ў разважанні пасмакуе гэтае пажыўленне, будзе мець трывалы духоўны апетыт на Божае слова. Ні ежа, ні сон, ні прыемнасці ці камфорт жыцця, ні здароўе, ні багацце не могуць насыціць голаду сэрца, бо Пан Езус сказаў: “Не хлебам адным будзе жыць чалавек, а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4)

Слова Божае як сапраўдная спажыва, якую трэба найперш укусіць – гэта значыць пачуць, разважыць і праглынуць, жыць гэтым словам. Трэба прысвоіць сабе ўкрытую ў слове Божую сілу. Яна ўчыніць цябе моцным ў змаганні з цяжкасцямі, спакусамі і грахамі. Учыніць цябе ўстойлівым прад злом, смуткам, пакутамі калі у тваё сэрца агорне радасць і супакой. Нешчаслівая душа, якая блукае здалёк ад слоў Пана, яна галодная, хворая, слабая, бедная, разгубленая і амярцвелая. Такая душа не ведае пра тое, што найбольш сумуе па Богу, сваім Пастыры.

Ці пажыўляеш сваю душу Божым словам, ці наадварот, пажыўляеш тым, што яе не насычае? Услухайся ў сваё сэрца: ці адчуваеш духоўны голад? Чым запаўняеш жыццёвую пустэчу? Ці з’яўляешся ты шчаслівай авечкай у абдымках Езуса, Добрага Пастыра? Ці пераадольваеш усе цяжкасці, каб быць з Панам? Ці адчуваеш духоўнае насычэнне? Паслухай, што на гэтыя пытанні адкажа тваё сэрца!

Брат Анджэй Раманоўскі OFMCap, Польшча

  • Праглядаў: 1294