Skip to main content

21 ліпеня, Субота

Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 14–21

Забараніў ім расказваць пра Сябе, каб збылося сказанае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Фарысеі выйшлі і сабралі раду супраць Езуса, каб загубіць Яго. 

Але Езус, даведаўшыся, пайшоў адтуль. І пайшло за Ім следам шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх. Але забараніў ім расказваць пра сябе, каб збылося сказанае прарокам Ісаем: 

Вось слуга Мой, якога Я выбраў, 
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая. 
Ускладу дух Мой на Яго, 
а Ён абвесціць суд народам. 
Не будзе пярэчыць і лямантаваць, 
і не пачуе ніхто на плошчах голасу Яго. 
Трысціны надламанай не пераломіць, 
і кнота, які тлее, не пагасіць, 
пакуль не давядзе суд да перамогі. 
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Пасля чарговай сутычкі Езуса з фарысеямі, апошнія збіраюць раду супраць Хрыста. Збаўца не збіраецца іх любой цаною пераконваць. Слова, якое трэба было фарысеям пачуць, яны атрымалі, далей выбар за імі. Месца канфлікту Хрыстос пакідае, каб працягваць місію распаўсюджвання Евангелля, навучання апосталаў і тлумачэння ім слоў прарокаў Старога Запавету.

Гэта вельмі важна - не спыняцца, быць верным свайму пакліканню. Не марнаваць час на непатрэбныя войны, ў якіх адзін бок не чуе другі. Дзе нават і блізка няма месца на дыялог, дзе не бярэцца пад увагу ўласная памылка. Езус адыходзіць, каб не быць уцягнутым у канфлікт, які не служыць дабру, а проста крадзе час і сілы. Для Езуса вельмі важная Божая справа, важны чалавек, якому патрэбна вера, патрэбен Збаўца. Таму місія прадаўжаецца, каб данесці Евангелле ўсім. Езус верны даручанай яму місіі, не гледзячы на цяжкаці, на незразуменне сярод вучоных у Пісанні і фарысеяў, якіх асляпіла іх уласная пыха, ганарлівасць і карыслівасць. На жаль, так бывае, што адны згубляюцца ў сваім пакліканні, а іншыя ідуць дарогай вернага трывання ў Хрысце.

Ці я чалавек канфлікту? Ці я чалавек Божай справы? Ці верны я свайму хрысціянскаму пакліканню?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 1391