Skip to main content

20 ліпеня, Пятніца

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 12, 1–8

Сын Чалавечы — Гаспадар шабату

+ Чытанне святога Евангелля паводле  Мацвея.

У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат.

А Ён адказаў ім: Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім? Як ён увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?

Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя? Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню. Калі б ведалі вы, што азначае: Міласэрнасці хачу, а не ахвяры, — не асудзілі б невінаватых. Бо Сын Чалавечы — Гаспадар шабату.

Гэта слова Пана.

catholic.by

У Евангеллі адбываецца дыялог Езуса з фарысеямі, якія бароняць літару Закона. Запаведзь святкавання Шабату вельмі простая і ясная, не патрабуе дадатковых тлумачэнняў. Атрымаўшы яе ад Бога, вучоныя ў Пісанні раздрабнілі Божы наказ на 39 нормаў. Адна з такіх нормаў забараняла падчас шабату займацца зборам ўраджаю.

Закон нясе ў сабе вялікае дабро, ён рэгулюе адносіны паміж людзьмі, дапамагае грамадству адчуваць пэўную бяспеку, стабільнасць і супакой. Аднак Езуса насцярожвае іншае - абараняючы Закон, фарысеі за літарай не бачаць чалавека, ягонага дабра, ягоную сітуацыю, ягоныя цяжкасці і патрэбу ў дапамозе. Фарысеі перарабілі Божы Закон ў шаблон паводзінаў, у якім складана заўважыць чалавека.

У іншым месцы Евангелля Езус скажа: “Не думайце, што Я прыйшоў адмяніць закон ці прарокаў: не адмяніць прыйшоў Я, але выканаць” (Мц 5, 17).  Езус прыйшоў ажыцявіць Закон любоўю, міласэрнасцю, прабачэннем і паяднаннем. Без гэтага Закон становіцца казуістыкай, месцам стварэння чарговых нормаў. У Законе разбудаваным фарысеямі стала мала месца для Бібліі, для вопыту жывога Бога, які часта прыходзіць у іншым чалавеку -  збалелым і пакрыўджаным, якому патрэбна быць пачутым і зразуметым.   

Я чалавек закона, ці чалавек Евангелля? Ці умею я пачуць іншага чалавека і дапамагчы яму?

бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь

  • Праглядаў: 891