19 ліпеня, Чацвер
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я ціхі і пакорны сэрцам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў у адказ: Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі.
Гэта слова Пана.
Езус наскрозь бачыць неспакой чалавечай душы. Ён бачыць заклапочанасць сваіх вучняў, іх абцяжаранасць, стомленасць, не бывае дня без мітусні і абавязкаў. Быць абцяжараным перажываннямі наконт працы, заробку, экзаменаў, вучобы. Быць стомленым цяжарам уласнага граху, амбіцыямі, якія не знаходзяць свайго ажыцяўленя. Быць абцяжараным адыходам ад Хрыста, ад Яго Касцёла, расчараваннем іншым чалавекам. Быць абцяжараным…
Жыццё не абыходзіцца без цяжкасцяў. Можа гэта не столькі яны нас прыгнятаюць і не яны прычына неспакою? Кар’ера, поспех, задавальненне, самадастатковасць… Можа досыць ужо будаваць жыццё без Хрыста? Можа не ўсё ў жыцці мусіць залежыць ад чалавека? Можа хопіць уцякаць ад свайго крыжа? Можа хопіць…?
“Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых” (Мц 11,29).
Што я раблю для майго збаўлення? Чым напоўнены мае будні? Ці я сапраўды дазваляю Хрысту вучыць мяне несці мой крыж?
бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 952