18 ліпеня, Серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ты схаваў гэта ад мудрых і адкрыў гэта дзецям
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час, адказваючы, Езус сказаў: Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына апроч Айца; і ніхто не ведае Айца, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць.
Гэта слова Пана.
Езус прыходзіць ў гэты свет, каб праславіць Айца. Збаўца таксама людзей хоча навучыць праслаўленню Бога. Але для гэтага чалавеку патрабна сэрца, адкрытае на пачутае Слова Божае. Каб зерне магло прынесці плён, спачатку павінна быць кінута ў глебу і прынята ёй. Глебай для Евангелля з’яўляеца чалавечае сэрца. Яно прымае Слова Хрыста і выдае плён праслаўлення, плён годнага жыцця, ў якім чалавек вучыцца давяраць Богу ў сваім жыцці.
“Праслаўляю Цябе, Ойча, Пан неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля” (Мц 11, 25-26). Езус узгадвае пра дзяцей. Чаму пра іх? І чаму супрацьпастаўляе іх мудрым і разумным? Дзеці нясуць у сабе пэўную лёгкасць ўспрымання. Ці лёгка ўспрымаць патрабаванні Хрыста даросламу чалавеку, калі жыццё стабілізавана, калі ўсё падлічана, уладкавана? З аднаго боку гэта добра, але з другога можа стаць пэўным механізмам, які можа абмяжоўваць. Апосталы былі простымі, але мелі ў сабе шчырасць і адкрытасць на аднаўленне, каб змяняць сябе дзеля Хрыста, каб Ён быў праслаўлены, каб Яго Евангелле гучала свежа і актуальна, каб несла духа аднаўлення іншым. Іх адкрытасць давала прастору для дзеяння Духа Святога ў іхнім жыцці.
Якое сэрца ў мяне? Ці дазваляю дзейнічаць Духу Святому ў маім сэрцы? Ці праслаўляю Бога ў сваім жыцці?
бр. Віталій Бандаронак OFMCap, Беларусь
- Праглядаў: 1126