29 чэрвеня, пятніца. Урачыстасць Св. Пятра і Паўла, Апосталаў
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ты — Пётр, і дам табе ключы Валадарства Нябеснага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У тыя дні:
Прыйшоў Езус у межы Цэзарэі Філіпавай і пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы: Кім людзі лічаць Сына Чалавечага? Яны ж сказалі: Адны — Янам Хрысціцелем, другія ж — Іллёю, а іншыя — Ераміяй ці адным з прарокаў.
Ён кажа ім: А вы кім лічыце Мяне? Сымон Пётр адказаў: Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога. Тады Езус сказаў яму ў адказ: Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнавы, бо не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах. I Я кажу табе, што ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго. І дам табе ключы Валадарства Нябеснага, і што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Гэта слова Пана.
Чым жа асаблівым адзначаліся Пётр і Павел сярод безлічы іншых рыбакоў і фарысеяў? Чаму Хрыстос менавіта іх выбраў на сваіх апосталаў? Наўрат справа тут у нейкіх надзвычайных здольнасцях ці рысах характару. Было ў іх штосьсці такое, што найбольш неабходна ў эфектыўным апостальстве – веданне Хрыста. Гаворка тут ідзе не пра знаёмства, а пра нейкае глыбіннае бачанне, якое дазволіла ім убачыць у Езусе Кагосьці нашмат большага, чым чалавека з цела і крыві. “Не цела і кроў адкрылі табе гэта, але Айцец Мой, які ў нябёсах”. Гэта сам Бог так сфарміраваў іх, што яны глядзелі на Цела і Кроў Хрыста як чалавека, а бачылі сапраўднага Бога і адзінага Збаўцу. Гэтае перакананне было настолькі моцным, што яны здолелі пераадолець і скандальную ганьбу крыжа, і насмешкі грэкаў на Арэапагу. Толькі калі ёсць ў апостала падобнае бачанне і глыбокая ўпэўненасць, што сапраўдны Бог гэта Езус, ён можа быць па-сапраўднаму годным даверу сведкам велічы Хрыста.
Місія Пятра перадаецца з пакалення ў пакаленне кожнаму наступнаму Рымскаму Папе. Нават калі прыглядзімся толькі да Папаў ХХІ стагоддзя, ўбачым досыць розных людзей – харызматычны пілігрым, геніяльны тэолаг, апякун бедных. Аднак супольнае ў іх тое, што нягледзячы на розныя меркаванні пра Езуса ў сучасным свеце, усе яны не перастаюць пераконваць: Езус – гэта “Хрыстус, Сын Бога жывога”. Таму да сённяшняга дня пятрова місія – гэта “умацняць братоў у веры” (гл. Лк 22, 32), быць арыенцірам сярод шматгалосся меркаванняў пра Хрыста.
Наколькі мае ўяўленні пра Езуса згодныя з навучаннем адзінага святога каталіцкага і апостальскага Касцёла? Ці не затрымліваюся я ў пазнанні Езуса толькі на нейкіх павярхоўных меркаваннях свету пра Яго? Ці падтрымліваю духоўную братэрскую еднасць з Папам Рымскім?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 1138