Skip to main content

27 чэрвеня, серада

Па пладах іхніх пазнаеце іх

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 7, 15–20

Па пладах іхніх пазнаеце іх 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Асцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці збіраюць з цёрну вінаград або з асоту смоквы? Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, ні дрэва дрэннае радзіць добрыя плады. 

Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Таму па пладах іхніх пазнаеце іх. 

Гэта слова Пана.

catholic.by

Якія ж прыгожыя перадвыбарчыя абяцанні ўмеюць даваць палітыкі ці іншыя кандыдаты на лідэраў! Але здараецца, што як толькі людзі дадуць ўладу над сабой бандыту, становіцца зразумелым - “Паставілі казла капусту сцерагчы”. Вопыт гэты варта браць пад увагу не толькі ў грамадска-палітычным жыцці, але таксама і ў жыцці асабістым, напрыклад выбіраючы сябра ці мужа/жонку. Падобная мудрасць неабходна і ў духоўным жыцці – напрыклад, пры выбары духоўнага аўтарытэту ці супольнасці, ў якой хочаш ўзрастаць ў еднасці з Богам і людзьмі. Таму Хрыстос кажа: “Асцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай вопратцы, а ў сярэдзіне — ваўкі драпежныя. Па іхніх пладах пазнаеце іх”.

Авечка або ягня – гэта жывёліна, якая асацыюецца з клапатлівасцю і ахвярнасцю. Воўна авечкі аберагае чалавека ад холаду, яе мяса насычае, дазваляе выжыць нават ў пустынных стэпах. Ягня, напрыклад у Ізраэлі, заўсёды лічылася найпрыгажэйшай ахвярай Богу. Таму і прарок павінен адзначацца падобнымі рысамі – самаахвярнасцю і шчырай клапатлівасцю. Ваўкі ж досыць рэдка апаноўваюць свае драпежныя інстыкты, хоць бы нават і прыкідваліся ўслужлівымі сабачкамі.

Паўстае сур’ёзнае пытанне, ці можна рызыкнуць і стварыць сям’ю з чалавекам, ў якім шмат разоў праяўляўся некіруемы воўчы эгаізм? Можна, але пры ўмове, што ўжо адбываецца цуд - чалавек той умее, а голаўнае хоча, ў выпадку неабходнасці ахвяраваць свае інтарэсы дзеля Бога, дзеля ўзаемнай любові, дзеля будучых дзяцей. Не варта разлічваць толькі на тое, што кагосці атрымаецца “прыручыць” пасля шлюбу.

Ці можа, напрыклад, модны тыбецкі “гуру” ці якісьці інтэлектуальны геній даць мне шчасце вечнае, якое ніколі не скончыцца? Не можа, бо па-першае сам яго не мае, а па-другое ніводзін “прарок” не ў стане перадаць мне сваё жыццё ў адрозненні ад “Ягняці Божага, Які бярэ на сябе грахі свету”.

Каго лічу сваім прарокам? Якія “плады” ён ужо прынёс у нашыя з ім адносіны? Ці прыслухоўваюся да Божага слова, каб выкрываць ілжывых прарокаў у грамадстве а таксама  ў асабітым і духоўным жыцці?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва.

  • Праглядаў: 829