Skip to main content

26 чэрвеня, аўторак

Не давайце сабакам таго, што святое

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 7, 6. 12–14

Што хачаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не патапталі іх сваімі нагамі ды, вярнуўшыся, не разарвалі вас.

Усё, што хачаце, каб вам рабілі людзі, і вы ім рабіце. Бо ў гэтым Закон і Прарокі.

Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторны шлях вядзе да згубы, і шмат тых, хто ўваходзіць праз яе. А вузкая брама і вузкі шлях вядуць у жыццё, але няшмат тых, хто знаходзіць яе.

Гэта слова Пана.

catholic.by

“Не давайце сабакам таго, што святое, і не кідайце перлаў вашых перад свіннямі”. Гэтымі словамі Хрыстос даручае нам разумна берагчы і перадаваць найкаштоўнейшыя скарбы веры – Святое Пісанне, таямніцы збаўлення, святыя Сакрамэнты, дары Духа Святога, містычную таямніцу жыцця Касцёла і г.д.  

У першыя стагоддзі Касцёл моцна прытрымліваўся сваёй педагогікі ў адносінах да тых, якія прагнулі стаць хрысціянамі. Дзеля гэтага яны праходзілі шлях паступовага ўтаямнічання, які называўся “катэхуменат”. Пачаткова катэхумены (кандыдаты да хросту) не ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі разам з ахрышчанымі. Выслухаўшы Слова Божае, яны пакідалі агульнае сабранне. Здаралася, што хрысціяне некалькі гадоў рыхтавалі катэхуменаў такім чынам, каб ў іх жыцці сталі бачнымі асноўная знакі веры - адрачэнне ад ідалаў, прабачэнне, імкненне любіць нават ворагаў, гатоўнасць прымаць свой крыж. Толькі пры такіх умовах іх дапускалі да Хросту і іншых Сакрамэнтаў.

Пазней, прыкладна з IV ст., калі цэлыя народы станавіліся хрысціянскімі, складана было ўжо так старанна рыхтаваць кандыдатаў да святых Сакрамэнтаў і катэхуменат стаў карацейшым, менш дакладным. На жаль здаралася нават, што Сакрамэнты ўдзяляліся фактычна без ніякай падрыхтоўкі. Прадугледжвалася, што ранейшую функцыю катэхуменату павінна выконваць перадаванне веры пасля хросту - ў сям’і і ў катэхэзе Касцёла. У сучасным Касцёле ў многіх рэгіёнах свету (у тым ліку і ў Беларусі) інстытут катэхуменату паволі адраджаецца ў розных формах.

Хоць я і ахрышчаны, аднак наколькі я прайшоў свой “катэхуменат”? Ці заўсёды я ўсведамляю сабе каштоўнасць таямніц, ў якіх удзельнічаю ў Касцёле? Ці я не станаўлюся фактычна язычнікам? Ці Слова Божае і Сакрамэнты мяняюць мяне настолькі, што бачныя канкрэтныя знакі веры ў маёй штодзённасці?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 1019