25 чэрвеня, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Спачатку выкінь бервяно з вока свайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Не судзіце, каб вас не судзілі. Бо якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якою мераю мерыце, такою і вам адмераць.
Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш? Або, як скажаш брату свайму: Дазволь мне выняць шчэпку з вока твайго, — калі ў тваім воку бервяно? Крывадушны, спачатку выкіні бервяно з вока свайго і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока брата твайго.
Гэта слова Пана.
Апроч барацьбы з грахом і несправядлівасцю вакол нас, існуе напэўна мноства іншых прычын і матывацый, з-за якіх людзі абмяркоўваюць учынкі іншых і асуджаюць іх. Часамі робіцца гэта з зайздрасці, або каб нашкодзіць канкурэнту ці ворагу. Аднак вядома, што нашыя людскія суджэнні не могуць быць абсалютна аб’ектыўнымі. Нават кагосьці добразычліва апраўдваючы, можам ідэалізаваць яго або памяншаць сапраўдную віну. Прадузятасць пагражае яшчэ мацней, калі намагаемся кагосьці асудзіць. Толькі Бог абсалютна аб’ектыўна судзіць, бо заўсёды робіць гэта з міласэрнасцю і клопатам пра чалавека. Ён заўсёды бярэ пад увагу нават тыя акалічнасці, пра якія людзі звонку ведаць не могуць. Між іншым таму Хрыстос так асцерагае вучняў перад асуджэяннямі ў адносінах да іншых.
Ёсць аднак яшчэ адна распаўсюджая небяспека ў асуджэння. Яно можа стаць месцам ўцёкаў чалавека ад неабходнай канфрантацыі з уласнымі грахамі і праблемамі. Гэта можна параўнаць з чалавекам, які настолькі заняты праполкай чужых агародаў, што пустазеллем зараслі ўласныя градкі. Таму Хрыстос звяртае ўвагу найперш на здаровую самакрытыку: “Спачатку выкіні бервяно з вока свайго…”. Гэта першы і неабходны крок да барацьбы з грахом вакол нас. Справа тут не толькі ў тым, каб магчы непрыцемненым зрокам ацэньваць становішча грэшніка. Барацьба з уласным грахом дазваляе зразумець боль і сорам брата, які трапіў ў пастку граху.
“Якім судом вы судзіце, такім і вас асудзяць, і якою мераю мерыце, такою і вам адмераць”. Гэта дзіўна, але выходзіць, што сваімі суджэннямі мы самі выбіраем закон, па якім нас калісьці будзе судзіць Бог. Таму варта задумацца, па якіх законах судзім іншых – па чалавечых, ці па Божых.
Калі б я сёння стаў на Божы суд, то ці гатовы я, каб Бог мяне судзіў так, як я суджу іншых? Ці не занадта я жыву праблемамі і грахамі іншых, занядбоўваючы такім чынам ўласнае жыццё?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMcap, Літва
- Праглядаў: 897