24 чэрвеня, дзясятая звычайная нядзеля Урачыстасць нараджэння Яна Хрысціцеля
ЕВАНГЕЛЛЕ
Ян — імя Яго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Лукі.
Альжбеце надышоў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. І пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан праявіў да яе такую вялікую міласэрнасць, і радаваліся разам з ёю.
На восьмы дзень прыйшлі абразаць дзіця і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарыем. Але маці ягоная сказала ў адказ: Не, але будзе названы Янам.
І сказалі ёй, што няма нікога з сям’і яе, каго б называлі такім імем.
І пыталіся на мігах у бацькі ягонага, як бы хацеў назваць яго. Ён папрасіў таблічку і напісаў: Ян – імя Яго. І ўсе здзівіліся.
У гэты момант адразу адкрыліся вусны ягоныя і развязаўся язык ягоны, і ён загаварыў, праслаўляючы Бога.
Усіх іхніх суседзяў ахапіў страх, і расказвалі яны пра ўсё гэта па ўсёй горнай краіне Юдэі. Усе, хто чуў, разважалі пра ўсё гэта ў сэрцах сваіх і казалі: Што ж гэта будзе за дзіця? Бо рука Пана была з ім.
А дзіця расло і ўзмацнялася духам, і заставалася на пустыні да дня з’яўлення свайго перад Ізраэлем.
Гэта слова Пана.
Напэўна гэта добра, што час ад часу ў розных сферах нашага жыцця маем дачыненне са спрадвечным канфліктам пакаленняў, напрыклад ў сем’ях ці манаскіх супольнасцях. Калі ў старэйшых заканчваюцца разумныя контраргументы пераканання, яны спрабуюць выцягнуць запыленае і пакрытае павуціннем “ніколі так не было” або “заўсёды так было”. А маладыя, у сваю чаргу, наіўна лічаць, нібыта добрае ўсё тое, што новае.
Уся біблійная гісторыя паказвае, што Бог не водзіць чалавецтва па кругу, дакладна паўтараючы тое, што ўжо было, і нават не лінейна - простым вектарам наперад. Божая і людская гісторыя развіваецца быццам па спіралі ўверх – з аднаго боку нешта падобнае ўжо было, але паўтараецца на вышэйшым, лепшым узроўні. Вось і цуд з нараджэннем з бязплоднай жынчыны Бог ужо неаднакротна чыніў раней (Сара, Рахэль, Маці Самсона, Ганна). Аднак цуд у жыцці Альжбеты і Захарыі паказавае, што не варта баяцца Божай навізны. Жыццёвы вопыт і традыцыі з аднаго боку дапамагаюць разпазнаць Божы почырк у сучаснасці, а з другога боку могуць зафіксіраваць толькі на былой славе і пісанні мемуараў. Нашае “заўтра” можа стаць падобным да нашага “учора”, але дакладна не павінна быць такім самым. Сумны жыццёвы вопыт пачаткова нават заблакіраваў Захарыю, зрабіў нямым. Калі ж стала відавочна, што Бог сёння чыніць падобны, але большы цуд, яны з Альжбетай адважваюцца даць дзіцяці новае, нетыповае імя – Ян. Гэта адпаведнае імя, бо аказалася, што перад гэтым не было прарока большага за Яна Хрысціцеля.
Ці не паралізуюць мяне ў духоўным развіцці былыя грахі і няўдачы? Ці карыстаюся я разумным досведам старэйшага пакалення каб распазнаваць Божае дзеянне і небяспекі ў маім жыцці? Ці дастаткова ўва мне крытычнасці, каб адрозніваць Божае развіццё ад пустых навінак свету?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMcap, Літва
- Праглядаў: 1078