16 чэрвеня, субота
ЕВАНГЕЛЛЕ
Я ж кажу вам: не прысягайце наогул
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул: ні небам, бо гэта пасад Божы; ні зямлёю, бо гэта падножжа ног Ягоных; ні Ерузалемам, бо гэта горад вялікага Караля. Ні галавою сваёй не прысягай, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым або чорным.
І няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога.
Гэта слова Пана.
Чалавек Старога Запавету, калі прысягаў, то заклікаў Бога быць сведкам. Такім чынам ён браў на сябе абвязак выканаць абяцанне, не кажучы ўжо пра тое, што нельга было заклікаць Бога як сведку, калі чалавек не казаў праўду. Хрыстус жа ўвогуле не дазваляе прысягаць. Каб не было ніякіх сумненняў, якіх сфер жыцця гэтая забарона датычыць, Ён называе розныя спосабы прысягі. Нельга прысягаць ні небам, ні зямлёю, ні Ерузалемам ні нават уласнаю галавою. Усе гэтыя прысягі, хоць не ўзгадваецца ў іх Божае імя, з’яўляюцца, аднак, заклікам да самога Бога; бо неба – гэта ж месца прабывання, Божы трон, бо Ерузалем – гэта горад, які Бог асабліва ўпадабаў, зямля – гэта падножжа, таму ўласнасць Бога, галава – тут гаворыцца пра узрост жыцця, пазначаны сівізной – гэта таксама Бог вырашае, а не чалавек.
Паводле: Komentarz praktyczny do Nowego Testamentu; Bp K. Romaniuk, O. A. Jankowski OSB, Ks. L. Stachowiak.
- Праглядаў: 854