10 чэрвеня, дзясятая звычайная нядзеля
ЕВАНГЕЛЛЕ
Настаў канец сатане
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус з вучнямі прыйшоў у дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.
А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: Як можа сатана выганяць сатану?
Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню.
Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: Ён мае нячыстага духа.
І прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Сядзеў каля Яго натоўп і казаў Яму: Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе.
І сказаў ім у адказ: Хто маці Мая і браты Мае? І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці.
Гэта слова Пана.
Часам здараецца чуць, што колькасць дабра і зла ў свеце павінна быць збалансавана, нібы гэта будзе «гармоніяй». Гэтая хлусня пранікла да нас са старажытнакітайскіх вераванняў. Графічна гэта выражаюць у акультным сімвале «інь-янь», які азначае, што зло аднолькава патрэбнае ў свеце, як і дабро. Ідэя гэтая з’яўляецца свайго роду пустазеллем для нашай еўрапейскай цывілізацыі, пабудаванай на хрысціянскім падмурку. Штучна ствараецца ўражанне, нібыта добры і міласэрны Бог мае аднолькавыя правы ў свеце, што і дэманы. Гэта жахлівая фальсіфікацыя, сутнасць якой – у падмене вартасцяў: дабро – гэта зло, а зло – гэта дабро. Не цяжка здагадацца, да якіх практычных наступстваў вядзе такі падман.
У катэхізісе ёсць спіс грахоў супраць Духа Святога, якія не будуць адпушчаныя, гэта гучыць жахліва і непакоіць многіх хрысціянаў. Узнікае важнае пытанне: ці не здзейсніў я нейкі з гэтых грахоў? Шчаслівы чалавек, ў якім ёсць гэты святы неспакой. Гэта азначае, што ёсць у сэрцы прагненне Божай міласэрнасці. Для такога чалавека вечнае жыццё з Богам застаецца такой вялізнай каштоўнасцю, страціць якую непрымальна.
Істота ж граху супраць Духа Святога якраз і заключаецца ў свядомым супраціве Богу і таму дабру, якое ад Яго паходзіць. Так здараецца, калі чалавек крывадушна, па-сатанінску ўпарта называе дабро злом і наадварот. Яскравы прыклад такога бунту маем у сённяшнім фрагменце Евангелля, дзе перамогу Хрыста над дэманамі кніжнікі называюць злом. Яны такім чынам працівяцца самой крыніцы жыцця – «Святому Духу, Пану і Жыватворцу, Які з Айца і Сына паходзіць». Іх пазіцыя выражае перакананне, што ім не патрэбен Бог з Ягоным збаўленнем ад дэманаў.
Езус, аднак, паказвае сваю абсалютную ўладу над дэманамі. Сын Божы не можа быць саюзнікам Бэльзэбула. Гэта Хрыстос з’яўляецца тым асілкам, Які звязвае сатану і вяртае сваё панаванне над светам. Для нас гэта прычына радасці і прадвяшчэнне поўнай перамогі Дабра над злом. Дух Святы няспынна суцяшае нас і нагадвае нам пра гэтую праўду.
Ці не працягваю я трываць у хлусні, нягледзячы нават на пазнаную праўду пра Бога ці пра чалавека? Ці дастаткова я крытычны і ўважлівы ў дачыненні да модных сёння экзатычных філасофій? Ці развіваю ў сабе дары Духа Святога, асабліва дар боязі Божай?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 872