6 чэрвеня, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Не ёсць Богам мёртвых, але жывых
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго: Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі нечы брат памрэ і не пакіне жонцы дзяцей, яго брат павінен ўзяць ягоную жонку і аднавіць патомства для брата свайго. Было сем братоў. Першы ажаніўся і, памершы, не пакінуў патомства. Тады ажаніўся з ёю другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці. І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына. Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю.
Езус адказаў ім: Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай? Бо, калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як Анёлы ў нябёсах. А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, дзе мова пра куст, як Бог прамаўляў да Яго, кажучы: Я — Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба. Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых. Таму вы моцна памыляецеся.
Гэта слова Пана.
Ёсць вельмі шмат такіх сужэнстваў, якія ўжо многа дзесяцігоддзяў жывуць не «як у казцы». Яны сварацца, але любяць адно другога вельмі канкрэтнымі рашэннямі і ўчынкамі. Яны ўжо пераадолелі той парог, калі застаешся з чалавекам толькі пры ўмове, што з ім камфортна. Каханне ўжо даўно ператварылася ў любоў і не перастае развівацца да яшчэ вышэйшых узроўняў. Наогул, як кажа св. Павел, усё праходзіць і распадаецца ў гэтым свеце, апроч сапраўднай любові (1Кар 13, 1-13). Таму і сужэнства ўсё жыццё развіваецца з перспектывай пэўнай вяршыні – вечнай любові ў Богу. Вось пра гэтую перспектыву сёння ўзгадвае Хрыстос у размове з садукеямі.
«Калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як Анёлы ў нябёсах». Ажаніцца ці выйсці замуж – гэта ступіць на шлях развіцця любові ад прымітыўнейшых яе формаў да больш дасканалых. Складана сказаць, ці праходзяць якісьці шлях развіцця ў любові бесцялесныя разумныя духі – анёлы. Але ведаем, што яны ўжо няспынна сузіраюць аблічча Бога ў небе (Мц 18, 10). Гэта значыць, дасягнулі той вяршыні, якую людзі праходзяць сваім, спецыфічным спосабам. Ясна адно: любоў і чалавека, і анёла канчаткова спаўняецца ў сузіранні Бога. Гэта калі ўсе пачуцці і прагненні скіраваныя на Бога і ў Ім цалкам наталяюцца.
З гэтай будучай перспектывы становіцца зразумелым, чаму ў Касцёле такой пашанай карыстаецца кансэкраванае жыццё – выключнае скіраванне душы і цела чалавека на Бога. Манаства - гэта знак будучага жыцця вечнага, будучай бясконцай любові. Таму сужэнствы і манаскія супольнасці - гэта розныя шляхі ў адным напрамку. Сужэнствы, каб памятаць, у якім кірунку можа развівацца іх любоў, могуць глянуць на сведчанне сваіх кансэкраваных братоў і сясцёр. І наадварот: манахам і манахіням неабходнае сведчанне няпростага шляху сужонкаў, каб памяталі, дзеля Каго яны жывуць сваімі абяцаннямі.
Для сужонкаў: Ці памятаю пра абяцанні, дадзеныя мужу/жонцы ў дзень шлюбу?
Ці аднаўляю сваю вернасць мужу/жонцы на пэўных этапах супольнага жыцця?
Для кансэкраваных: Наколькі старанна спаўняю ў Касцёле місію сведчання аб будучым жыцці? Ці падтрымліваю сваім манаскім жыццём сужэнствы ў іх радасцях і цяжкасцях?
Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва
- Праглядаў: 719