Skip to main content

4 чэрвеня, панядзелак

разважанні братоў капуцынаў

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 12, 1–12

Схапіўшы, забілі яго і выкінулі прэч з вінаградніку 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Езус пачаў гаварыць да першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын у прыпавесцях:

Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай,  выкапаў давіла ў ім і пабудаваў вежу, аддаў яго вінаградарам і з’ехаў. А ў адпаведны час паслаў да вінагарадараў слугу, каб той ўзяў у вінаградараў частку ўраджаю вінаградніку. Але яны схапілі яго, збілі і адаслалі ні з чым. Ён зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму разбілі галаву і зняважылі. Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі. 

Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца сына майго. Але вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша. І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі прэч з вінаградніку. 

Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён пойдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым. 
Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Ад Пана сталася гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых. 

І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. І, адпусіўшы Яго, адышлі.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Пачынаючы ад эпохі асветніцтва і рэфармацыі, нашу еўрапейскую цывілізацыю перыядычна атакуюць розныя формы секулярызацыі (ад лац. saecularis – свецкі). Гэтая ідэалогія заўсёды перараджаецца ў крывавыя рэвалюцыі і бязбожныя таталітарызмы. Існуе пэўная заканамернасць: калі спрабаваць пабудаваць свет бязбожны, ён непазбежна становіцца і нялюдскім. Ідэалогія свецкасці рэалізавалася ў практыцы вельмі канкрэтнымі сродкамі: дыскрэдытацыя хрысціянскай асновы еўрапейскай цывілізацыі, выцясненне з грамадскага жыцця Божых законаў, вынішчэнне духавенства, рабаванне і канфіскацыя святыняў. «Хочам валодаць светам і быць валадарамі ўласнага жыцця без ніякіх абмежаванняў. Бог становіцца ў гэтым перашкодай. Там, дзе чалавек чыніць сябе самога адзіным уладаром свету і гаспадаром самога сябе, не можа быць справядлівасці. Можа там панаваць толькі самаволя і інтарэсы» (Бэнэдыкт XVI).

Прыпавесць Хрыста пра злых вінаградараў аказалася прарочай не толькі таму, што духоўныя і палітычныя старэйшыны Ізраэля намагаліся выкінуць Божага Сына прэч з жыцця Божага народу. У сучасным свеце таксама нямала такіх «аўтарытэтаў», якія цвердзяць, нібыта Бог тут не гаспадар. А тых, хто асмельваецца заявіць Божае права на створаныя Ім свет і чалавека, належыць назваць рэлігійнымі фанатыкамі і ліквідаваць з публічнай прасторы. Таму прыпавесць гэтая яшчэ рэалізуецца, але ведаем яе заканчэнне: «Камень, які адкінулі будаўнікі, стаў галавою вугла. Ад Пана сталася гэта, і дзіўнае яно ў вачах нашых». Прыйдзе час, калі людскія законы не будуць пярэчыць Божым законам любові. Хрыстос Валадар Сусвету вернецца ў славе, і на гэты раз ужо ніхто не здолее Яго выгнаць ці забіць.

На якіх прынцыпах будуецца мая асабістая этыка? Хто з’яўляецца заканадаўцам майго асабістага жыцця: Бог ці выключна я сам? Ці ўзрастаю я ў такой мужнасці, каб, нягледзячы на небяспеку, абвясціць у сваёй душы і ў сваім асяроддзі, што Бог мае ўсе правы на гэты свет?

Брат Андрэй Квяцінскі OFMCap, Літва

  • Праглядаў: 701