30 мая, серада
ЕВАНГЕЛЛЕ
Вось мы падымаемся ў Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі вучні былі ў дарозе і падымаліся ў Ерузалем, Езус ішоў наперадзе іх. Яны ж дзівіліся, а тыя, хто ішоў за Ім, былі спалоханыя. Ён зноў узяў Дванаццаць і пачаў казаць ім пра тое, што павінна з Ім здарыцца:
Вось мы падымаемся ў Ерузалем, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасвятарам і кніжнікам, і яны асудзяць Яго на смерць, і аддадуць Яго язычнікам. І будуць здзекавацца з Яго, аплёўваць Яго і бічаваць Яго, і заб’юць Яго, а на трэці дзень Ён уваскрэсне.
Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі: Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім. Ён адказаў ім: Што хочаце, каб Я зрабіў вам? Яны сказалі Яму: Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй. Але Езус сказаў ім: Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны? Яны адказалі: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які Я п’ю, будзеце піць, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч і леваруч Мяне — не ад Мяне залежыць, а каму прыгатавана.
І, пачуўшы, дзесяць іншых вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна.
А Езус, паклікаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.
Гэта слова Пана.
Крочыць трэба разам з Панам Езусам. Сённяшняе Евангелле падказвае, што лепш нават крочыць разам з Ім, блізка, побач, бо тыя, хто ішлі за Ім, баяліся, што кіруецца непасрэдна да крыжа. Таму нічога дзіўнага, што ў такой дарозе выкрываюцца і іншыя прагненні. Вось браты Апосталы, Ян і Якуб, прагнуць сядзець каля Хрыста ў Яго Нябесным Валадарстве. Нечакана, што Пан Езус не адмаўляе: маеш права «піць з келіха» Яго мукі. Адначасова зазначае, што толькі служба, быццё апошнім у служэнні, «слугою ўсіх» вядзе да сапраўднага яднання з Богам.
Набліжаемся сёння да ўрачыстасці Божага Цела, зноў будзе ў нас магчымасць ісці побач або толькі здалёк за Хрыстом Эўхарыстычным. Няхай нам гэта дапаможа ўсвядоміць, ці добрае месца мы выбіраем сабе ў гэтай вандроўцы. Ніхто ж з Апосталаў не прасіў апошняе месца, якое дасягаецца праз прыняцце Божых ласкаў. Усе падумалі толькі пра першыя месцы і спрачаліся толькі пра сродкі, якімі можна іх дасягнуць. Няхай ужо сёння прыжывецца ў нас прагненне апынуцца на апошнім месцы, дзе трэба служыць і дапамагаць, каб атрымаць усё неабходнае для яднання з Богам.
Як я сёння рыхтуюся да заўтрашняга свята? Ці далучаюся да ўпрыгожвання шляху святочнай працэсіі? Ці ўпрыгожыў сваё жыллё звонку ці ў сярэдзіне, нават калі працэсія не будзе праходзіць каля майго дому? Спрабуйма адважыцца паслужыць Хрысту ў гэтых прыгатаваннях.
Брат Ян Фібэк OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 796