28 мая, панядзелак
ЕВАНГЕЛЛЕ
Прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?
Езус сказаў яму: Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не чужалож, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці.
А той сказаў Яму ў адказ: Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці сваёй.
Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: Табе нестае аднаго: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною.
А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць.
Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, хто мае багацце ўвайсці ў Валадарства Божае! Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае.
А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: Хто ж можа збавіцца?
Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.
Гэта слова Пана.
Пан Езус кажа, што толькі ў Бога магчыма ўсё, людзі не ў стане здабыць ласку збаўлення, нават калі б хацелі аддаць усю сваю маёмасць. Кожны раз, калі чытаем фрагмент Евангелля пра сустрэчу Езуса з багатым чалавекам, вяртаецца да нас гэтая тэма – перадаць усё іншым дзеля таго, каб стаць чалавекам, свабодным ад зямных клопатаў. Часам задумваемся: ці можам сабе дазволіць адмовіцца ад усяго, каб атрымаць нічым не абмежаваны доступ да Бога?
Трэба аднак памятаць, што не дакранёмся да таго адзінства з Панам Богам, калі будзем адмаўляцца ад тых «дабротаў» дзеля ўласнай карысці. Варта дазволіць, каб Бог сам – быццам бы па нашай просьбе, або бачачы нашу згоду на такое дзеянне – забіраў па чарзе дадзеныя нам раней даброты на выкарыстанне іншым людзям. Тады будзеш дасканалы, калі дазволіш Богу распараджацца сваімі дабротамі, прычым не толькі матэрыяльнымі. Да гэтых каштоўнасцяў варта залічыць таксама здароўе, сілу маладосці, мудрасць даросласці і іншыя.
Гэта Бог мае права вырашаць, наколькі беднымі сродкамі можна збавіць свет. Калі сумняваешся ў гэтым, то паглядзі, якія ўбогія сцэнары жыцця Ён напісаў кожнаму са святых. Трэба аднак найперш паглядзець, наколькі ўбогі быў сцэнар жыцця, выкананы Богам на зямлі, калі прабываў тут 33 гады як Адкупіцель.
Ад якіх каштоўнасцяў мне было б сёння найцяжэй адмовіцца (здароўе, славутасць, маладосць)? Што разлічваю атрымаць узамен, аддаючы Богу сваё штодзённае «ўсё»?
Брат Ян Фібэк OFMCap, Польшча.
- Праглядаў: 863