Skip to main content

26 мая, субота

Разважаем над Словам Божым з Братамі Капуцынамі

ЕВАНГЕЛЛЕ

Мк 10, 13–16

Хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго

+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.

У той час:

Прыносілі да Езуса дзяцей, каб ён дакрануўся да іх. Вучні ж дакаралі іх. А Езус, убачыўшы гэта, абурыўся і сказаў ім: Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне, не забараняйце ім, бо такім належыць Валадарства Божае. Сапраўды кажу вам: хто не прыме Валадарства Божага, як дзіця, той не ўвойдзе ў яго. І, абдымаючы іх, ускладаў на іх рукі і благаслаўляў.

Гэта слова Пана.

catholic.by

Што значыць прыняць Божае валадарства, як дзіцё? У чым мы можам браць прыклад з дзяцей? Здаецца, яны такія несамастойныя, залежныя ад дарослых. І гэта праўда. Дзеці не могуць самі зрабіць вельмі шмат розных рэчаў. Аднак кожнае дзіцё ведае, што, калі штосьці не атрымліваецца, заўсёды можна папрасіць тату ці маму, якія абавязкова дапамогуць: пададуць цацку, вытруць нос, абароняць ад суседскага сабакі.

Як гэта адносіцца да Божага валадарства? Вельмі часта нам не хапае таго разумення, якое маюць дзеці, - што мы не можам зрабіць усяго ўласнымі сіламі. Мы можам вельмі старацца быць добрымі, захоўваць усе запаведзі, пільнаваць кожны свой крок і ўчынак, аднак без нашага Таты ніколі не ўвойдзем у Яго валадарства. Так, як малыя дзеці, мы патрабуем дапамогі Бога. Гэта не мы заслугоўваем вечнае жыццё, а Бог яго нам дае, бо нас любіць. І чым хутчэй мы гэта зразумеем, тым лепей для нас.

Ці памятаю пра тое, што вечнае жыццё – гэта Божы дар? Ці не стараюся «збавіць» сябе ўласнымі сіламі? Як выглядаюць мае адносіны з Богам? Ці з’яўляецца Ён для мяне татам?

Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія

  • Праглядаў: 833