25 мая, пятніца
ЕВАНГЕЛЛЕ
Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае
+ Чытанне святога Евангелля паводле Марка.
У той час:
Езус прыйшоў у межы Юдэі за Ярданам. І зноў збіраліся да Яго людзі, і Ён, паводле свайго звычаю, зноў навучаў іх.
Тады падышлі да Езуса фарысеі і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: Што наказаў вам Майсей?
Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца. А Езус сказаў ім у адказ: Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту.
Гэта слова Пана.
Часам, разважаючы пра сваё цяперашняе жыццё, мы вяртаемся думкамі ў мінулае, да моманту навяртання альбо да пачатку свядомага перажывання веры. Вельмі часта здаецца, што раней было лепей. Было прасцей маліцца, хацелася працаваць над сабой, быў энтузіязм. Гледзячы на сябе цяпер, пытаемся: што здарылася? Чаму быць верным Богу ўсё цяжэй? Адказ можа нас адначасова ўзрадаваць і засмуціць. У духоўным развіцці так, як і ў навуцы: калі мы заканчваем адзін этап, з’яўляецца другі, больш складаны. Гэта патрэбна, каб мы ўвесь час развіваліся і імкнуліся да дасканаласці. Аднак чалавек заўсёды застаецца чалавекам, і, акрамя знешніх цяжкасцяў, да ўсяго далучаюцца нашыя слабасці і грахі. І прыходзіць такі момант, калі здаецца, што мы не ідзем наперад, а рухаемся назад. У такія моманты важна не паддавацца. Часам трэба толькі трываць насуперак сумненням і няўпэўненасці.
У сённяшнім Евангеллі Езус удасканальвае адносіны паміж мужчынам і жанчынай і цярпліва паўтарае новыя вымаганні вучням, якія, магчыма, былі здзіўленыя тым, што пачулі. Аднак Езус не змяняе сваіх словаў, хоць і бачыць недасканаласць апосталаў. Ён ведае іх магчымасці, гатовы чакаць, покуль зразумеюць. Акрамя гэтага, Езус не пакідае іх без апекі, а спасылае ім Свайго Духа, які ўмацуе вучняў і павядзе наперад. Але ўсё ў свой час.
Як выглядае мой духоўны рост? Што змянілася за апошні месяц, год? Ці я гатовы ўдасканальвацца і ісці наперад?
Брат Ян Садоўскі OFMCap, Італія
- Праглядаў: 810